Ведаць. Памятаць. Ганарыцца
Дземенка, Караны, Карытнае, Коханаўка, Старое Сяло, Сухлава, Тарасавічы, Убалацце — населеныя пункты цяперашняга сельсавета, у якіх пражывае каля 600 чалавек. Да вайны тут знаходзілася больш за 540 прысядзібных участкаў, а насельнікаў было звыш трох тысяч. У адных Тарасавічах (Старых і Малых) налічвалася 722 жыхары.
Колькасць пасяленняў перавышала амаль удвая. Няма цяпер на карце Максімаўкі, Красніка, Гальчаўкі, Гумнішча, Шыпоў, пасёлка Білоб, Старонкі. Апошняя вёска знікла ў жніўні 1943 года. Знішчана фашыстамі 36 двароў і, па розных дадзеных, ад дзясятка да 101 жыхара. Яна ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Тады ж ворагі часткова спалілі Максімаўку. Краснік гарэў у чэрвені сорак чацвёртага. У Карытным таксама спалілі 15 двароў і расстралялі 8 чалавек. Усяго на Карытняншчыне ад рук акупантаў загінула 193 мірныя жыхары.
Па дадзеных кнігі “Памяць”, з Вялікай Айчыннай не прыйшло 157 сяльчан. Многія пайшлі ў партызаны, сталі малалетнімі вязнямі. На тэрыторыі знаходзіцца 14 воінскіх пахаванняў — індывідуальныя магілы і брацкія. Усе на балансе сельсавета, падтрымліваюцца ў належным стане школай, мясцовым лясніцтвам.
Карытнянская зямля амаль цалкам паліта крывёю. Як вядома, тут летам 1941 года апынуліся воіны 32-й кавалерыйскай брыгады, пра якую ўжо ішла гаворка. Мясцовыя жыхары і зараз памятаюць, як кавалерысты заходзілі да іх у хаты, каб купіць прадукты. Але яны кармілі байцоў бясплатна, выносілі ўсё, што было. Раненым таксама дапамагалі — давалі прытулак, лячылі.
З успамінаў былога жыхара в. Караны В.Пацкевіча:
— Памятаю моцную атаку нашых байцоў, з якой пайшлі на Караны і далей на Максімаўку, каб прарвацца да рэчкі Пціч. Трасы куль веерамі разляталіся ў небе над вёскай. Хутка загарэліся мясцовыя хаты. Немцы амаль бесперапынна вялі агонь з кулямётаў і гармат. Раптам коннікі з лесу пайшлі ў атаку. Тады фрыцы пачалі страляць яшчэ актыўней. Сотні кавалерыстаў атакавалі вёску. Многія з іх загінулі пад фашысцкім агнём. Вырвалася тады мала, а наперадзе былі новыя засады.
З успамінаў былой жыхаркі в. Коханаўка Браніславы Віктараўны Белагуравай:
— У нашым сяле байцы коннай дывізіі спыніліся на начлег. Як толькі прыехалі, пачалі папаўняць харчовыя запасы. У вёсцы знаходзілася свінаферма, так што без ежы не засталіся. Да позняй ночы гучалі смех, жарты, песні. А пад раніцу тут ужо былі немцы. Пачалася страляніна. Некаторыя чырвонаармейцы, не паспеўшы выбегчы з двара, былі за-біты. Ляжалі акрываўленыя на зямлі, павіслі на парканах… Ад свісту куль нельга было ўзняць галавы. Вакол крыкі, плач дзяцей, іржанне коней. Мясцовыя жыхары ўцякалі ў лес, пачалі капаць акопы, каб схавацца. Немцы занялі вёску, на дахах размясцілі кулямётчыкаў. Захопленых у плен яны закрылі ў склепе.
Бой цягнуўся не адзін дзень. Было забіта многа і салдат дывізіі, і немцаў. Памятаю выпадак, як фашысты вывелі з лесу 6 салдат, заставілі іх капаць яму, а затым расстралялі і кінулі туды. У Коханаўцы, як кажуць, не было жывога месца. Пасля таго як ворагі пакінулі вёску, людзі доўга яшчэ знаходзілі трупы салдат і афіцэраў. Хавалі іх групамі, збіралі зброю. Зараз нават цяжка ўспомніць, дзе знаходзяцца тыя магілкі. Усё парасло травой.
З успамінаў былой настаўніцы Карытнянскай школы Зінаіды Рыгораўны Раманоўскай:
— Тады было забіта і ранена многа немцаў. Фрыцы сваіх таварышаў не кідалі, адвезлі ў Асіповічы. Ва ўрочышчы Прошча шмат ляжыць невядомых байцоў. Немцы сюды сагналі жыхароў з некалькіх вёсак і нават гараджан, якія амаль ты-дзень хавалі загінуўшых. Падчас будаўніцтва храма і добраўпарадкавання тэрыторыі жанчыны знаходзілі многа астанкаў, якія захаваны ў брацкай магіле.
Каля нашага дома таксама загінуў адзін баец. Брат знайшоў яго ў канаве. Кавалерыст быў смяротна ранены ў галаву. Ён так моцна сціскаў кулямёт, што Аляксандр ледзь выслабаніў яго рукі. Салдата пахавалі, а зброю схавалі ў балоце.
З успамінаў Марыі Міхайлаўны Сугака:
— Разам з суседзямі знайшлі дваіх раненых байцоў. Адзін быў надта слабы — яго і забрала да сябе. Пакарміла, перавязала. Звалі салдата Iванам. Ён быў рускі. На жаль, не ўдалося выратаваць — праз дзень памёр. Суседзі схавалі раненага пад падлогай. Прамылі рану на бядры, прыкладвалі нейкія адвары, але тая загнаілася. Пачалася гарачка. Змагаліся за яго жыццё, як маглі, але нехта ўсё ж яго выдаў… Зараз тую жудасную карціну нават цяжка ўявіць, а тады перад вачыма паўставалі сотні свежых магіл, разбітыя брычкі, безгаспадарчыя коні, зламаныя і паваленыя дрэвы, спаленыя хаты, ваенная зброя і тэхніка…
На жаль, ніякага агульнага помніка, які б сведчыў аб тым трагічным баі і паўтары тысячы загінуўшых кавалерыстаў, няма. Памяць людская нявечная, падзеі больш чым 70-гадовай даўнасці яшчэ помняцца некаторымі старажыламі вёсак, што апынуліся таксама ў гэтым бязлітасным знішчальным агні, але іх застаецца ўсё менш. Карытнянскім школьнікам разам з настаўнікамі ўдалося штокольвечы запісаць з іх аповедаў, дараганаўскім таксама. Апошнія вядуць і пошукавую работу. Удалося прыадчыніць некаторыя таямніцы, але ў гэтым накірунку, думаецца, доўга яшчэ трэба працаваць.
Аб дзеяннях паветрана-дэсантнага разведатрада “Масква” разведштаба 2-га Беларускага фронту ўспамінае баец атрада Хрыстафор Прыбыль, які ў 1957 годзе наведваў свяшчэнныя для яго мясціны:
— Кіраваў атрадам Iлья Мікалаевіч Шарый. Да канца 1942 года колькасць складала 176 чалавек. Быў створаны кавалерыйскі ўзвод. Байцы здзяйснялі пераходы па 50-60 кіламетраў. Вялікую дапамогу аказвалі мясцовыя жыхары, яны дабывалі разведданыя аб праціўніку.
Пра многае расказана і ў кнізе “Дерзость”, напісанай намеснікам камандзіра партызанскага атрада “Масква” Фарыдам Саліхавічам Фазліахметавым. Яе электронную версію можна знайсці ў інтэрнэце. Вось вытрымка: “Прошло около недели нашего пребывания под Тарасовичами. Связь работала четко. Морозов и Суралев регулярно привозили данные о железнодорожных перевозках через Осиповичи, которые мы получали от Зинаиды Францевны Ждановой через Марию Кондратенко и заведующую продовольственным магазином в Осиповичах Соню Ушакевич. На связь по-прежнему ходила Елена Викентьевна Лиходиевская. Ценные сведения поступали и из-под Бобруйска от Максимука”.
У Карытнянскай школе захоўваецца копія баявой характарыстыкі сувязной, якая была падпісана камандзірам разведгрупы гвардыі маёрам Суралёвым: “М.Я.Кандраценка праяўляла смеласць і мужнасць пры выкананні заданняў. У кастрычніку 1943 г. даставіла ў атрад план надземнай і супрацьпаветранай абароны немцаў у Асіповічах”.
Ёсць тут і спіс з 18 прозвішч мясцовых жыхароў, якіх расстралялі 18 студзеня 1943 года за сувязь з партызанамі.
Дзеянні партызанскага атрада “Храбрацы”
Створаны ў Глускім раёне, які ўваходзіў у Палескую вобласць. Дзейнічаў з кастрычніка 1942 па чэрвень 1944 года. Камандзірам яго быў Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч, намеснікам — ураджэнец Гомельшчыны Сцяпан Васільевіч Змушко. У складзе былі байцы, абстраляныя пад Кіевам і Масквой.
Палітрук групы падрыўнікоў Сяргей Шаўчук прынёс ноччу ў Асіповічы 6 магнітных мін і перадаў іх Ф. Крыловічу. Аб слаўных баявых справах атрада расказана ў кнізе “В поиск уходит разведка” (Мінск. Беларусь. 1967), аўтар якой — падпалкоўнік у адстаўцы былы камандзір разведатрада Хрыстафор Прыбыль. У сярэдзіне сямідзясятых з моладдзю Асіповіч сустракаўся былы намеснік спец-атрада, падпалкоўнік у адстаўцы, мінчанін Сцяпан Змушко. Вось што ён тады расказваў:
— Акрамя ўжо абстраляных байцоў, у атрад уваходзілі жыхары Карытнага, Старонкі, а таксама іншых навакольных вёсак.
За час знаходжання ў тыле ворага партызанамі пушчана пад адхон каля 60 нямецкіх эшалонаў з жывой сілай і ваенным грузам, узарвана 10 мастоў, сапсавана дзясяткі кіламетраў праводнай сувязі, знішчаны 2 паліцэйскія гарнізоны. У баях гінулі і партызаны. Сярод іх і ўраджэнец пасёлка Немчынава Кунцаўскага раёна Масквы Міхаіл Абрамавіч Пікуноў. Ён быў камандзірам дыверсійна-разведвальнай групы.
Месцам дыслакацыі з’яўляўся лясны масіў каля Старонкі, а затым і ў самой вёсцы. Збор разведданых ажыццяўляўся праз Зінаіду Iванаўну Хахлову, медсястру з Асіповіч; былога дырэктара Карытнянскай школы Канстанціна Якаўлевіча Бераснёва і яго дачок (у 1944 годзе жывым спалены ў Малым Трасцянцы. А Валянціна Канстанцінаўна пасля вайны працавала настаўніцай Радуціцкай школы — аўт.). Дыверсанты дзейнічалі актыўна, імі было знішчана шмат ворагаў і тэхнікі. Карнікі хацелі з імі расправіцца і накіравалі на пошукі батальён “СС”. Аб руху калоны з Асіповіч Пікунову стала вядома, і ён з групай байцоў арганізаваў засаду.
Калі фрыцы наблізіліся, партызаны адкрылі агонь. Больш за 20 гітлераўцаў і коні, якія цягнулі гармату, былі забіты. Пікуноў з намеснікам Васілём Шкарыным спрабавалі перасякчы дарогу з Карытнага на Восы і трапілі на фашысцкую засаду. Завязаўся няроўны бой, у якім Міхаіла параніла ў жывот. Васіль спрабаваў адцягнуць сябра ў лес, але сам атрымаў раненне ў плячо і, па загаду камандзіра, адышоў у небяспечнае месца. Ён бачыў, як той адстрэльваўся. А калі варожае кола сціснулася, Пікуноў прыставіў дула да скроні… Яго пахавалі ў лесе, непадалёк ад вёскі Старонка. Пасля вайны перазахавалі ў брацкую магілу па вуліцы Сумчанкі.
Пікунова замяніў Бачарнікаў. У жніўні сорак трэцяга па просьбе свайго былога камандзіра з-пад Гомельшчыны ў атрад прыбыў 23-гадовы Кузьма Кучар. Глыбокай восенню група байцоў накіравалася ў Карытнае на сувязь. Каля вёскі натрапілі на паліцэйскую засаду. Першая кулямётная чарга трапіла па нагах Кузьмы. Перамагаючы боль, ён працягваў весці агонь, пакуль не скончыліся патроны. Тады здраднікі схапілі параненага байца і даставілі ў Старыя Тарасавічы, дзе ўчынілі допыт.
З успамінаў былой жыхаркі вёскі Домны Дзядок:
— Паліцаі з Ясеня спыніліся ў маім доме, сюды ж прывезлі акрываўленага партызана. Білі яго палкамі, сціскалі пальцы рук у дзвярах. Па загадзе каменданта чацвёра падкідвалі яго ўверх, пасля чаго ён падаў на падлогу. Кроў ішла праз нос і рот. Паролі нажом. Затым вывалаклі за хлеў і расстралялі. Калі чорная справа была зроблена, пакінулі вёску. А вяскоўцы збілі труну і пахавалі хлопца на мясцовых могілках. Затым, як сцвярджаюць, ён быў перазахаваны ў брацкую магілу ў Татарцы…
Дарэчы, у спісах, змешчаных на старонцы сайта райвыканкама па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, яны не значацца ў пашпартах воінскіх пахаванняў Татаркі і Асіповіч…
У Карытнянскай школе сабрана шмат звестак пра ўдзел землякоў у ваенных дзеяннях. Ёсць тут і даныя пра ўраджэнца вёскі Убалацце Уладзіміра Данілавіча Манько, партызана групы імя Варашылава, што дзейнічала на Карытняншчыне (камандзір Яўген Качанаў, камісар — Якавенка). У ёй былі мясцовыя жыхары і акружэнцы Аляксандр Iсай, Зінаіда Пігулеўская, Пётр Долгі, Канстанцін Дубінчык, Аркадзь Белы, Iван Мацвіёнак і інш. З часам група ўвайшла ў 99-ю брыгаду імя Гуляева. Байцы разграмілі нямецкі гарнізон у Тарасавічах.
Дземенка. У магіле, якая знаходзіцца за 200 метраў у паўднёва-ўсходнім накірунку ад вёскі, пахаваны невядомы салдат Савецкай Арміі.
Тарасавічы. На грамадзянскіх могілках пахавана 4 салдаты.
Карытнае. Пры ўездзе ў вёску з боку Асіповіч за 20 метраў ад дарогі Асіповічы-Глуша стаіць помнік 2 воінам.
У скверы на раз’ездзе дарог Асіповічы-Глуша і Карытнае-Дземенка знаходзіцца помнік землякам, што загінулі ў гады вайны. На пяці мемарыяльных плітах увекавечаны імёны 193 загінуўшых землякоў. На пастаменце — фігура воіна. Помнік быў адкрыты 3 ліпеня 1988 года па ініцыятыве ўраджэнца вёскі Новыя Тарасавічы, удзельніка вайны, палкоўніка ў адстаўцы Мікалая Аляксеевіча Рубана.
Урочышча “Машкаўка”. За 4 кіламетры на поўдзень ад Карытнага — помнік партызану Мікалаю Панцеляймонавічу Мажніку, які загінуў у 1943 годзе.
Караны. За 5 кіламетраў на поўдзень ад вёскі на грамадзянскіх могілках былой вёскі Максімаўка — магіла з 2 невядомымі салдатамі.
Коханаўка. За 500 метраў ад вёскі — пахаванне салдат Крымскай дывізіі. Iмёны салдат не ўстаноўлены…
Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.