Сонца. Гарачыня. Многія спяшаюцца да вады, каб асвяжыцца. Землякі традыцыйна аддаюць перавагу гарадскому пляжу, дзе ёсць усё неабходнае для адпачынку: выратавальная станцыя, кабінкі для пераапранання, лавачкі, дэкаратыўныя парасоны, пад якімі можна схавацца ад спякоты, валейбольная пляцоўка.
Але сёлетні сезон адрозніваецца ад папярэдніх. Чым? Непадалёк ад стромкіх сосен размясціўся гандлёвы павільён на колах у выглядзе драўлянай бочкі. Некаторыя адпачываючыя са стажам, якім даспадобы гэты бераг Свіслачы, даўно марылі, каб на пляжы было нешта накшталт чарнаморскага пабярэжжа, калі то там, то тут чуецца: “Салодкая кукуруза”, “Марожанае”, “Пахлава”. Галоўнае, каб былі грошы, тады і смагу наталіць можна, і смачнае што-небудзь з’есці.
— У горадзе другі год трымаю магазін разліўных напояў. Сёлета вырашыў паспрабаваць выязны гандаль, прапанаваць землякам тое, чаго яны даўно чакалі, — гаворыць гаспадар гандлёвай “бочкі” 29-гадовы Яўгеній Куксо. — Узгадніў з адпаведнымі службамі ўсе нюансы такога гандлю, купіў неабходнае абсталяванне і, як толькі надвор’е расшчодрылася на цёплыя дзянькі, распачаў справу. Людзям падабаецца паслуга. Галоўны акцэнт зроблены на квас, які пастаўляе ААТ “Лідскае піва”. У асартыменце і іншыя салодкія газіраваныя напоі, сокі, “мінералка”. У дадатак — чыпсы, сухарыкі і іншая прыемная дробязь. Пакупнікі-адпачываючыя пры жаданні могуць прысесці за столікі побач з павільёнам, схавацца ад сонечных праменяў і смакаваць любімы напой у прыемнай кампаніі.
Ніна ВІКТОРЧЫК.