Усе прызвычаіліся да таго, што двойчы на год хлопцам, якія не дасягнулі 27 гадоў, уручаюць павесткі для праходжання тэрміновай воінскай службы. Але час ад часу здараецца і так, што ў войска запрашаюць і афіцэраў. Падобныя прызыўныя мерапрыемствы адбываюцца па меры неабходнасці. Напрыклад, апошняе правялі ў 2005 годзе. І вось зноў надышоў момант, калі патрэбна павысіць укамплектаванасць першасных пасад афіцэрскага саставу.
18 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 276 “Аб прызыве афiцэраў запасу на ваенную службу ва Узброеныя Сілы ў 2016 годзе”. Тычыцца ён грамадзян краіны мужчынскага полу ва ўзросте да 27 гадоў з ліку афіцэраў запасу, якія засвоілі поў-ны курс падрыхтоўкі на ваенных кафедрах (факультэтах) устаноў адукацыі, але не прайшлі тэрміновую або службу ў рэзерве і не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву. Акрамя таго, маладыя людзі павінны мець высокія маральныя і дзелавыя якасці, быць годнымі па стане здароўя да ваеннай службы і здаць устаноўленыя экзамены. Тэрмін службы афіцэраў-прызыўнікоў — 12 месяцаў.
Яшчэ ў жніўні пачаўся непасрэдны адбор кандыдатаў на афіцэрскія пасады. У ваенным камісарыяце Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў вылучылі 5 афіцэраў запасу, якія адпавядаюць патрабаванням Указа. Цяпер маладыя людзі павінны прайсці медыцынскую і атэстацыйную камісіі, медагляд, а таксама іх правераць на адсутнасць прыцягненняў да адказнасці па адміністрацыйных і крымінальных справах. Для кожнага кандыдата падбяруць вакансію па спецыяльнасці. Дарэчы, калі афіцэр запасу працуе на дзярж-прадпрыемстве або арганізацыі, яго месца захоў-ваецца. Зразумела, афіцэры-навабранцы будуць атрымліваць такое ж грашовае забеспячэнне, як і афіцэры-кантрактнікі. А калі давядзецца служыць далёка ад дома — ім кампенсуюць выдаткі на арэнду жылля.
Афіцэрскі прызыў дазволіць праверыць якасць падрыхтоўкі на ваенных факультэтах і кафедрах ВНУ, а таксама афіцэры запаса замацуюць веды, атрыманыя падчас вучобы. Акрамя таго, павысіцца ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі мабілізацыйнага рэзерву. Спадзяёмся, што маладыя афіцэры апраўдаюць ускладзеныя на іх надзеі.