У тым, што бальніца — найважнейшы аб’ект гарадской і сельскай інфраструктуры, пераконваць нікога не трэба. Надае яна населенаму пункту больш высокі статус і робіць жыццё жыхароў больш зручным і ўсталяваным. Асабліва, калі ўстанова такога ўзроўню, як дараганаўская, якая неаднаразова прызнавалася пераможцай не толькі на Асіповіччыне, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Нядаўна яна адзначыла сваё 90-годдзе.
…Ва ўтульнай актавай зале вучэбна-педагагічнага комплексу, дзе часцей за ўсё і праводзяцца масавыя мерапрыемствы аграгарадка Дараганава, сабралася шмат людзей — калектыў участковай бальніцы сённяшні і тыя, хто аддаў ёй нямала гадоў. Прыехалі з віншаваннямі і падарункамі галоўны ўрач Асіповіцкай ЦРБ Аляксандр Сільчанка, намеснік галоўурача па медабслугоўванні насельніцтва раёна Любоў Ёрш, старшыня прафкама ЦРБ Антаніна Кандыба, прыйшлі з дабром старшыня сельвыканкама Тамара Валадзько, дырэктар ВПК Iрына Сяргейчык, калектыў Радуціцкага сельскага клуба і яго кіраўнік Наталля Мельнік, другія.
Распачалася святочная дзея з экскурсу ў гісторыю. Некалі ў далёкім 1925 годзе ў вёсцы Каўгары ў памяшканні былой канторы спіртзавода быў арганізаваны фельчарска-акушэрскі пункт. Займаў ён усяго два пакоі: адзін — для прыёму, другі — для чакання. Арганізатарам установы быў таленавіты фельчар Кандрацій Мікалаевіч Папкоўскі. Лячэбна-прафілактычная работа, вы-пісванне рэцэптаў, лячэнне травамі — такія функцыі выконваў спецыяліст у той час. У 1927 годзе ФАП быў пераведзены ў мястэчка Дараганава, праз 10 гадоў заснаваўся ўрачэбны пункт. У часіны ваеннага ліхалецця лячэбная ўстанова не дзейнічала, а з вызваленнем раёна ад фашыстаў у Дараганаве з’явілася бальніца на 10 ложкаў — насупраць сучаснага чыгуначнага вакзала. Працавалася цяжка: не хапала медыкаментаў, інвентару, спецадзення. У 1969 годзе тут стала ўжо 35 коек. Галоўным урачом быў Ян Iосіфавіч Станкевіч — чалавек абавязковы і дысцыплінаваны, чуллівы да чужога болю. З 1965 па 2002 год бальніца і амбулаторыя знаходзіліся ў старым будынку па вуліцы Амбулаторнай — яго наступная рэканструкцыя памагала Дараганаўшчыне займець сваю царкву.
Новую прапіску ўстановы аховы здароўя атрымалі ў 2003 годзе — перабраліся ў будынак санаторна-лясной школы. З таго часу тут зроблены добры рамонт, і зараз Дараганаўская ўчастковая бальніца — лепшая ў раёне. Два гады таму да лячэбных аддзяленняў дадалося яшчэ і сацыяльнае, якое дагэтуль размяшчалася ў Татарцы.
Цяперашні кіраўнік бальніцы Аляксандр Зэйдэль, выдатнік аховы здароўя, узначальвае яе з 1979 года. За гэты час і Дараганаўшчына, і людзі, што тут жывуць, даўно сталі роднымі, падзяліўся ён, а бальніца — сапраўдным другім домам. 20 год аддала гэтай установе і яго жонка Аліна Пятроўна. Дарэчы, у іх вялікай дружнай сям’і выраслі яшчэ два медыкі: па шляху бацькоў пай-шлі сын Канстанцін і дачка Кацярына. Падчас урачыстасці плённая работа Аляксандра Канстанцінавіча была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама, а шэраг працаўнікоў атрымалі граматы Асіповіцкай ЦРБ.
Святочны сцэнарый уключаў не толькі віншаванні-пажаданні, але і шматлікія ўспаміны, падчас якіх прагучала нямала імёнаў. У тым ліку і тых, каго ўжо даўно няма сярод нас — хвіліна маўчання стала адным з самых шчымлівых момантаў.
Канечне, не абышлося на гэтай шчырай сустрэчы і без канцэртных нумароў, якія падрыхтавалі калектыў бальніцы і народны ансамбль народнай песні “Вяселле”. Шматлікія ж добрыя словы, якія прагучалі на мерапрыемстве, сталі высокай ацэнкай дзейнасці бальніцы, стымулам для далейшай якаснай работы па ахове здароўя.