30 снежня ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыю Казачонку была ўручана незвычайная ўзнагарода: юбілейны медаль міністэрства абароны Чэшскай Рэспублікі ў гонар святкавання 70-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны.
Стары салдат, які пражывае ў вёсцы Лазовае, патрапіў на фронт у студзені 1943 года, а скончыў вайну ў Празе, куды яго часць — 1998-ы зенітна-артылерыйскі полк 71-й артдывізіі 1-га Украінскага фронту — была перакінута з узятай штурмам сталіцы Трэцяга рэйха. За мужнасць ён быў адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: медалямі “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Прагі”, “За Перамогу над Германіяй”.
Дзмітрый Паўлавіч сёння адзіны з землякоў, якому давялося змагацца за свабоду сталіцы Чэхіі. I ўручаную яму ўзнагароду з поўным правам можна лічыць знакам удзячнасці і павагі чэшскай дзяржавы да ўсіх асіповіцкіх воінаў-вызваліцеляў, якія не дажылі да 70-годдзя Перамогі.