Калі праглядаеш спісак пошукавых запросаў, па якіх карыстальнікі “сусветнай павуціны” трапляюць на сайт “раёнкі”, адразу можна зразумець: у Асіповічах шмат ваенных. Асабліва гэта прыкметна падчас прызыўной кампаніі: “в/ч 12147”, “51 артбрыгада”, “артылерыя ў Асіповічах”… Будучыя салдаты і іх блізкія спрабуюць высветліць, што чакае прызыўнікоў на месцы службы. Таму, напэўна, варта зноў расказаць пра мясцовых “багоў вайны”, якія 19 лістапада адзначаюць прафесійнае свята.
Баявая падрыхтоўка
Як і ў школе, у армейцаў існуе свой навучальны год. Вось толькі пачынаецца ён у снежні, а заканчваецца ў лістападзе. Зараз якраз і можна падвесці вынікі баявога навучання апошняга.
— Працуем у адпаведнасці са спецыяльным планам падрыхтоўкі, — расказвае намеснік камандзіра 51 артбрыгады падпалкоўнік Сяргей Аляксандраў. — Хоць год і выдаўся даволі напружаны, але ўсе мерапрыемствы выкананы ў поўным аб’ёме. Безумоўна, праводзілі кантрольныя заняткі с баявой стральбой як з асобнымі падраздзяленнямі, так і з брыгадай у цэлым на мясцовым палігоне. Падрыхтавалі 2 зборы ваеннаслужачых рэзерву — гэта каля 500 чалавек. Рэзервісты асвоілі воінскія спецыяльнасці і былі зволены ў запас. Дарэчы, мясцовых жыхароў сярод іх не было, больш за ўсё — мінчане. Амаль усе яны маюць вышэйшую адукацыю, грамадзянскую спецыяльнасць, некаторы жыццёвы вопыт, таму працаваць з імі даволі проста.
Што тычыцца ваеннаслужачых тэрміновай службы, яны таксама стараюцца праявіць сябе на высокім узроўні, выконваюць усе пастаўленыя баявыя задачы. Зараз ужо чакаем новае папаўненне — хутка павінны прыбыць.
Значная падзея — спаборніцтвы на званне лепшага артылерыйскага дывізіёна Узброеных Сіл краіны. Зразумела, 51 артбрыгада не магла не прыняць у іх удзел. Брыгаду прадстаўлялі 2 гарматна-самаходны (камандзір — падпалкоўнік Яўгеній Лук’янаў) і 4 цяжкі гаўбічны (падпалкоўнік Андрэй Гнядзько) артдывізіёны. Мясцовыя артылерысты выступалі першымі, і прадстаўнікі Упраўлення РВА адзначылі, што яны задалі высокую планку сапернікам. Прыемна, што і вынік атрымаўся выдатны: чацвёрты дывізіён заняў першае месца, а другі — чацвёртае.
За званне лепшага спаборнічалі і камандзіры батарэй. Тры прадстаўнікі в/ч 12147 — капітаны Аляксандр Харанека, Сяргей Садоўскі і Дзяніс Лубянько — таксама выступалі першымі і зноў жа даволі паспяхова. Адметна, што Садоўскі на той момант быў дзеючым лепшым камбатам і званне сваё пацвердзіў. Перамога дывізіёна і камбата — сапраўды высокія паказальнікі, чарговы доказ таго, што ў брыгадзе вядзецца якасная баявая падрыхтоўка.
Па словах падпалкоўніка Аляксандрава, на будучы навучальны год план баявой падрыхтоўкі будзе не менш насычаны. Напрыклад, падраздзяленні брыгады накіруюцца на “чужыя” палігоны. Такія палявыя выхады ў больш складаных неардынарных умовах дазволяць праверыць, як ваеннаслужачыя могуць арыентавацца ў незнаёмых абставінах, удалечыні ад пастаяннага месца дыслакацыі.
…I бытавыя пытанні
Ужо не аднойчы “раёнка” пісала пра тое, што ў паўднёвым ваенным гарадку вядзецца рамонт, прычым усіх збудаванняў адразу. Гэта абумоўлена спецыяльнай праграмай, якая прадугледжвае добраўпарадкаванне воінскіх злучэнняў краіны і працягнецца да 2018 года. Сёлета выпала чарга наводзіць у сябе парадак 51 абр і суседняй 336 рэабр. Некаторыя збудаванні стаяць тут яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя, таму капітальны рамонт ім проста неабходны.
Ваеннаслужачыя брыгады разам з грамадзянскімі будаўнікамі правялі сапраўды вялікую працу. Напрыклад, да канца 2015 года завершыцца рамонт штаба. Блізіцца да заканчэння і капрамонт памяшканняў казармы: там усё робіцца па сучасных стандартах, таму жыць салдатам будзе зручна і камфортна. Працягваюцца работы па аднаўленні клуба, вучэбнага корпуса і іншых аб’ектаў.
Пакуль ідзе рамонт, салдаты знаходзяцца ў так званым палявым лагеры, які разбілі на тэрыторыі часці. Нараканняў няма: ваеннаслужачыя разумеюць, што гэта часовыя цяжкасці. Канечне, летам жыць там было ў разы зручней, але і зараз ствараюцца неабходныя ўмовы. Напрыклад, у кожнай палатцы ёсць печы, якія ноччу прапальваюцца ўвесь час, а днём — у залежнасці ад абставін. Дарэчы, дровы пастаўляе ваеннае лясніцтва, з якім заключаны дагавор, а таксама “ў справу” ідуць драўляныя рэшткі будаўнічых работ. Рукамыйнікі ж усталявалі ў памяшканні лазні, каб не мерзнуць на вуліцы. Словам, жыць можна, тым больш, што сапраўдны салдат павінен стойка пераносіць усе нягоды і цяжкасці службы. А каб было весялей, праводзіцца шмат культурна-забаўляльна-спартыўных мерапрыемстваў: “вайна вайной”, а адпачываць таксама трэба.
* * *
Быць артылерыстам складана, але ж і ганарова. Нездарма тых, хто належыць менавіта да гэтага роду войск, называюць “багамі вайны”. І ваеннаслужачыя 51 артбрыгады заўсёды трымаюцца на ўзроўні. Ужо зараз можна назваць некаторыя імёны: палкоўнік Аляксей Ратушны, падпалкоўнікі Ігар Дубік, Яўгеній Лук’янаў, Канстанцін Базыльчык, Уладзімір Ёлкін, маёр Андрэй Шчасны, капітаны Аляксандр Харанэка, Сяргей Садоўскі, Аляксей Іванковіч, старшыя лейтэнанты Аляксандр Марус і Наталля Пляшкова. Безумоўна, гэта толькі частка тых, на каго можна раўняцца, а ўвогуле кожнага з мясцовых артылерыстаў ёсць за што адзначыць. Таму, будучыя салдаты, не сумнявайцеся: у “сталіцы артылерыі” вас і прымуць добра, і ўсяму навучаць.
Марыя ТАЛЕЙКА.