Напярэдадні Дня работнікаў культуры пра развіццё гэтай галіны на Асіповіччыне, пра тых, хто прывівае любоў да мастацтва, кнігі, захоўвае гісторыю і надзяляе аптымізмам, пра найбольш яркія мерапрыемствы года — інтэрв’ю з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірынай Раманчук.
— Чым жыве сёння культура раёна?
— Маем развітую сетку устаноў з добрай матэрыяльнай базай і высокім узроўнем спецыялістаў: 28 — клубнага тыпу, 31 бібліятэку, 9 дзіцячых школ мастацтваў з 12 філіяламі, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, кінатэатр «Радзіма». У аснове развіцця культуры рэгіёна — яго гістарычнае мінулае, знакамітыя людзі, традыцыі. Абапіраемся на дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2011-2015 гады. Згодна з ёй паступова ўдасканаль-ваем матэрыяльна-тэхнічную базу, падтрымліваем і развіваем народную творчасць, прадстаўляем беларускую культуру за мяжой. Адна з галоўных задач — па магчымасці захаваць сетку ўстаноў культуры і рабіць усё, каб людзі маглі карыстацца нашымі паслугамі.
— Колькі творчых калектываў са званнем «народны» і «ўзорны»?
— 34 калектывы мастацкай самадзейнасці. Самыя канцэртуемыя — ансамбль «Сузор’е», «Вязанка», «Сваякі», «Журавушка», «Пара-дзіз» з Пратасевіч, Вяззя, Карытнага, Сасновага і Ліпеня адпаведна, «Дзівакі» і «Люлечка» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, узорныя харэаграфічныя калектывы «Капрыз» з РЦК і «Крынічка » з ДШМ №1 і іншыя.
Штогод праводзяцца масавыя святы народных традыцый «Шчадроўкі», «Масленіца», «Гуканне вясны», «Дажынкі», «Калядкі». Творчыя калектывы выступаюць у арганізацыях і на прадпрыемствах. Без іх не абыходзіцца ні адно свята, праводзімае ў аграгарадках. Выязджаюць артысты за межы раёна і вобласці, дзе праходзяць розныя конкурсы і фестывалі. У іх творчай скарбонцы 118 дыпломаў, у тым ліку 20 — I ступені. Сёлета «Парадзіз» на аглядзе-конкурсе «Харавое веча» удастоены Гран-пры, ансамбль «Сузор’е » з Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Пакажы сябе свету” прывёз Дыплом I ступені.
— Пра юных музыкаў, мастакоў і харэографаў раскажаце?
— У дзіцячых школах мастацтваў раёна займаецца 1511 навучэнцаў. Яны актыўныя ўдзельнікі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных аглядаў-конкурсаў выканаўчага майстэрства, дзе, як правіла, паказваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі. На працягу апошніх пяці гадоў 44 выпускнікі ДШМ паступілі ў профільныя навучальныя ўстановы.
— Як развіваюцца народныя рамёствы?
— У адпаведнай базе дадзеных зарэгістравана 57 майстроў. Многія выстаўляюць работы на розных мерапрыемствах. Асабліва славяцца нашы ткачыхі. У 2015 годзе метадыст-майстар Вольга Наудзюнас залічана ў члены беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
— Музейнымі і бібліятэчнымі навінамі падзеліцеся?
— Ахоп бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва раёна складае 53,4 працэнта ад агульнай колькасці жыхароў. Усе бібліятэкі падключаны да інтэрнэта, маюць электронную пошту. Работнікі музея — сапраўдныя энтузіясты, пастаянна папаўняюць фонд — зараз у ім 6777 прадметаў. Многія асіпаўчане і госці змаглі ўжо наведаць новыя залы «Этнаграфія», «Вялікая Айчынная вайна». Сёлета адкрыта экспазіцыя з пяці залаў, прысвечаная сям’і Дараган. Зараз завяршаецца мантаж яшчэ адной — «Археалогія-ВКЛ-Рэч Паспалітая» і «Расійская імперыя: 1772-1917 гг.». Адкрыццё залаў адбудзецца ў снежні.
— Найбольш яркія з апошніх мерапрыемстваў адзначыце?
— Упершыню прымалі ўдзельнікаў Міжнароднага форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства», у рамках якога праводзіўся «Пакроўскі кірмаш». Мерапрыемства сапраўды ўдалося і, ду- маю, запомнілася ўсім яго ўдзельнікам. Наогул калектывамі мастацкай сама-дзейнасці работа па прапагандзе беларускай народнай культуры за межамі рэспублікі праводзіцца вялікая, усяго і не пералічыш. Толькі сёлета некаторым з іх пакарыліся Італія («Сузор’е»), Славакія («Люлечка»), Латвія («Крынічка»). Нашы самадзейныя артысты — яркія, самабытныя прадстаўнікі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») і іншых значных рэспубліканскіх праектаў.
— Што прапануеце насельніцтву?
— Функцыянуюць 245 клубных фарміраванняў, з іх 144 — для дзяцей і падлеткаў, у тым ліку ў сельскіх установах — 192. Палюбіліся землякам «Міні-міс, міс і містар Асіповічы», «Карапуз-шоу».
— У чым бачыце перспектыву развіцця галіны?
— У актыўным пошуку дадатковых крыніц фінансавання, не выключаючы развіццё платных паслуг. І, безумоўна, у фарміраванні адзінай культурнай прасторы — і ўнікальнай, заснаванай на традыцыях, і сучаснай, інавацыйнай, перадавой.