Галоўным арганізатарам занятасці, адпачынку і аздараўлення дзяцей Асіповіччыны ў летні перыяд выступае аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, на балансе якога знаходзяцца два стацыянарныя лагеры: «Пціч» і «Крыніца». Усё лета-2015 інфармацыя аб рабоце лагераў рэгулярна публікавалася на старонках «АК», а сёння падводзім агульныя вынікі.
Расказвае Жанна Пінчук, якая вось ужо 12 гадоў узначальвае лагер «Пціч»:
— Упэўнена, што 159 хлопчыкаў і дзяўчынак, што пабывалі ў лагеры, павезлі з сабой толькі лепшыя ўражанні і ўспаміны. Інакш і быць не можа: адпачынак з карысцю для дзяцей арганізоў-ваў педагагічны калектыў, які ў гэтым годзе прадстаўляў Магілёўшчыну на рэспубліканскім конкурсе каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі «Энергічнае лета. Далучайцеся!» і заняў 4 месца. Заўсёды стараемся зрабіць для жыхароў нашага «вострава дзяцінства» нешта асаблівае і незабыўнае. Так, рабяты, якія прыехалі ў дзеючы на базе «Пцічы» краязнаўчы лагер «Радзімічы», 9 дзён адпачынку і даследаванняў упершыню правялі, жывучы ў палатачках: і рамантыка, і карысць для здароўя. У традыцыйнай гульні «Зарніца», якую, безумоўна, любяць усе дзеці, прымалі ўдзел сапраўдныя казакі, прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Усебеларускае аб’яднанне казацтва». Трэці, апошні заезд, запомніўся ўсім нам адкрыццём этнаграфічнага кутка: гэта і вынік, і зачын на заўтра. А пра будучы сезон, як і кожны год, пачынаем думаць ужо цяпер.
Думаюць пра лета-2016 ужо і ў «Крыніцы»: тут поўным ходам ідзе касметычны рамонт летніх домікаў, што працягнецца ўсю восень. Работнікі лагера абнаўляюць памяшканні сваімі сіламі. Меркаваннямі падзяліўся Уладзімір Чыгілейчык, для якога мінулы сезон стаў 16-м у якасці начальніка лагера:
— З упэўненасцю магу сказаць, што лета атрымалася. Школьнікі, удзельнікі працоўнага лагера і «Iнтэлектуала», хлопцы са сталічнай СДЮШАР — за чатыры змены ў нас адпачыла 432 дзіцяці. У гэтым годзе вялікая «крынічная» сям’я ўпершыню папоў-нілася 21 навучэнцам каледжаў і ліцэяў: юнакі і дзяўчаты раней жылі ў прытулках, зараз вучацца ў ССНВ і праводзяць летнія канікулы ў выхаваўча-аздараўленчых установах. Усе рабяты пасябравалі, знайшлі агульную мову, правялі час з карысцю і цікавасцю. Думаю, што наступным летам многія з іх да нас вернуцца. Дарэчы, іх будзе чакаць прыемны сюрпрыз: новая альтанка і валейбольная пляцоўка. Iх пабудуем і абсталюем ужо вясной.
Летні адпачынак у лічбах
Па дадзеных аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў мінулым навучальным годзе ў лагерах усіх тыпаў аздаравілася 2.743 школьнікі — 53,2% ад агульнай колькасці. У лагерах з дзённым знаходжаннем адпачылі 1.943, з кругласутачным — 800. Рашэннем райвыканкама было выдзелена 102,7 мільёна рублёў дадатковых асігнаванняў, што дазволіла аздаравіць у дзённых і кругласутачных лагерах 75 дзяцей-сірот і 27 дзяцей-інвалідаў. Лагеры працы і адпачынку з дзённым і кругласутачным знаходжаннем прынялі 130 падлеткаў. Дзякуючы фонду «Лінія жыцця дзецям Чарнобыля» ў Вялікабрытаніі ў летні перыяд прайшлі аздараўленне 82 школьнікі.
Соф’я САВАЙТАН.