— Чаго у нас толькі няма! І таго няма, і гэтага…
Падводзячы гэты “барадаты” анекдот пад мясцовыя рэаліі, можна назваць як мінімум два аб’екты, адсутнасць якіх выклікае ў асіпаўчан вострае раздражненне. Пра ўзвядзенне новага корпуса райбальніцы казаць пакуль няма чаго, а вось у будаўніцтве першай у горадзе станцыі ачысткі пітной вады “святло ў канцы тунэля” ўжо добра бачна.
Па словах дырэктара АДУКВП “Водаканал” Ігара ТРАЦЯКА будаўніцтва ўжо завершана больш чым на 70%, неабходныя для набыцця абсталявання і палаты будаўнічых работ сродкі паступаюць з абласнога бюджэту своечасова. Пробны пуск станцыі камунальнікі плануюць зрабіць у гэтым годзе, аднак больш дакладныя тэрміны назваць сёння немагчыма.
Асноўная прычына няпэўнасці планаў — неабходнасць папярэдне правесці мноства ўзгадненняў унесеных у праект станцыі змен. Рэалізоўваліся яны па традыцыйнай прычыне — з мэтай змяншэння кошту будаўнічых работ, аднак тое не азначае, што вынік будзе ў чымсьці горшы за прапанову праектантаў. Хутчэй наадварот! Напрыклад, першапачаткова планавалася забяспечыць станцыю ўласнай кацельняй, што амаль удвая павялічвала плошчу будынка і прыкладна на трэць кошт абсталявання ды будматэрыялаў. Аднак патрэба ў абагрэве вадзяных фільтраў існуе толькі адзін месяц у год, і элементарныя падлікі эканамістаў “Водаканала” паказалі, што ацяпляць станцыю абезжалезьвання электрычнымі каларыферамі атрымаецца ўтрая танней, чым плаціць заробак аператару кацельні і набываць для яе паліва. Сукупная эканомія ад карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі зменшыла кошт новабудоўлі з 14 мільярдаў рублёў да прыблізна 8, аднак цяпер сваю правату асіповіцкім камунальнікам даводзіцца адстойваць перад самымі рознымі кантралюючымі структурамі.
Што ж тычыцца канструкцыі станцыі абезжалезьвання, то яна досыць простая: 8 фільтравальных калон, змесціва ўтворана з некалькіх відаў сарбентаў, “заточаных” на выдаленне з вады злучэнняў жалеза. Ачыстка ад муці і каляровых уключэнняў адбываецца, так бы мовіць, у якасці прыемнага бонусу.
Магутнасць батарэі фільтраў такая, каб забяспечыць з пэўным запасам “пікавыя” патрэбы паўднёвай часткі горада ў пітной вадзе.
Праз пэўны час — недзе два разы ў год — фільтры ўключаюцца ў рэжым рэверса. Пры гэтым адбываецца іх прамыўка, а насычаная непатрэбнымі дамешкамі вада зліваецца ў каналізацыю. Па разліках фірмы, якая выйграла тэндар на пастаўку ачышчальнай сістэмы, якасна апрацоўваць асіповіцкую ваду гэтыя фільтры здолеюць на працягу 5-6 гадоў.
Працаваць станцыя будзе цалкам у аўтаматычным рэжыме, таму “Водаканал” плануе забяспечыць яе камерамі відэанагляду і шэрагам іншых антывандальных прыстасаванняў.
Што ж тычыцца пачатку будаўніцтва станцыі абезжалезьвання на водазаборы “Паўночны”, то яно запланавана на наступны год. Прагнозныя тэрміны завяршэння гэтай “экабудоўлі” агучваць пакуль рана, але няма сумнення, што жыхары паўночнай часткі горада будуць піць чыстую ваду ўжо даволі хутка.
Наконт узвядзення станцый абезжалезьвання ў аграгарадках раёна, як тое прадугледжвалася Дзяржпраграмай “Чыстая вада” на 2011-2015 гады, — у будучым годзе яго фінансаванне не прадугледжваецца. Такім чынам, праблема паляпшэння якасці пітной вады для вёсак Асіповіччыны будзе зноў разглядацца пры складанні чарговай Дзярж-праграмы, якая будзе дзейнічаць да 2020 года.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.
Три месяца после ввода в эксплуатацию была чистая отличная вода — с апреля 2016 года — часто поступает мутная и ржавая.
Фото красивые, только когда запустят эту станцию, неизвестно