— Некалі на вясковых вуліцах было шматлюдна. Сяльчане самааддана працавалі і ўмелі арганізоўваць прыгожыя святы. на якія збіраліся жыхары вёскі. Па вечарах моладзь танчыла і спявала. Частай справай былі хрысціны. А якія вяселлі ладзіліся! Зараз, на жаль, адышлі ў мінулае многія традыцыі пэўнай мясцовасці, якія калісьці былі адметнай рысай нашага жыцця.
Так распачаў “Калядныя вячоркі”, што праходзілі 19 студзеня ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба Анатоль Цімашэнка. Ва ўтульнай зале ўстановы сабраліся прыхільнікі песеннай народнай творчасці, каб дакрануцца да каштоўнай нематэрыяльнай спадчыны, якую стараецца захоўваць разам са старэйшымі яго ўдзельніцамі, носьбітамі аўтэнтычных звычаяў і абрадаў, жыхаркамі вёскі Сялец 85-гадовай Нінай Міхадзюк і 75-гадовай Марыяй Дзямянік. Яны ведаюць шмат песень абрадава-каляндарнага цыклу і гатовы дзяліцца не толькі з сяброўкамі роднага гурта, але і ўсімі, хто неабыякаа ставіцца да аднаўлення вялікага глыбіннага пласта беларускай народнай культуры. Назапашаны песенны скарб у розныя часы перадаваўся спецыялістам Беларускім дзяржаўнай акадэміі музыкі, універсітэта культуры, Інстытута праблем культуры, прадстаўнікам нашай клубнай сістэмы, студэнтамі розных навучальных устаноў. І хто б да іх ні звярнуўся па песні, нікому не адказалі, усіх прывецілі, атулілі гасціннасцю. У гэты вечар слухачы змаглі ўдосталь наталіцца жывымі народнымі галасамі.
— Калі была маленькая, надта любіла слухаць, як пяюць старыя жанчыны, — гаворыць Ніна Барысаўна. — На душы станавілася так хораша! Ну і як жа не далучыцца
да такога свята душы? Вывучыла ўсё, што ведалі бабулі. Паспрабавала на голас — атрымалася. Навучылася іграць на бубне. Нашых сялецкіх жанчын, дарэчы, ніхто не мог пераспяваць. Прыпеўкі, вясельныя, радзінныя, жніўныя песні, разнастайныя танцы пад гармонік — усё яны ўмелі. І грэх было ад іх не пераняць тое майстэрства. Таму зараз спяшаюся дзяліцца з маладымі тым, што ведаю, бо нельга, каб увесь гэты скарб адышоў у нябыт. Лічу, што песні даюць сілы для жыцця, падымаюць настрой, узбагачаюць духоўна.
Згодна з Нінай Міхадзюк і яе малодшая сяброўка.
— Вырасці ў такім пявучым краі і не спяваць нельга, — працягвае размову Марыя Паўлаўна. — Частку песень засвоіла ад бабулі, затым ад маці. Добрай настаўніцай аказалася і Ніна Барысаўна, у якой большы жыццёвы вопыт і песенны багаж. Разам можам спяваць некалькі гадзін. Забываем нават на свае балячкі. Калектыў нас падтрымлівае. Безумоўна, хацелася б, каб моладзь больш актыўна далучалася да песеннай спадчыны продкаў.
Каментарый у тэму. Дырэктар музея і аўтар ідэі праведзення “Калядных вячорак” Антаніна Сцяпанава:
“Стала добрай традцыяй музея — запрашаць калектыў “Вяселле” на такія пасядзелкі. Ім заўсёды ёсць чым парадаваць аматараў песні. Іх выступленне не хочацца нават абмяжоўваць у часе. Удзячныя гледачы гатовы слухаць артыстаў бясконца. На гэты раз парадавалі старадаўнімі песнямі Ніна Міхадзюк і Марыя Дзямянік. У кожным выкананні — незвычайная глыбінная моц. Здзівілі яны і строямі — даматканыя вышытыя сукенкі і андаракі, фартушкі, якім ужо болей за сто гадоў. Будзем і надалей прапагандаваць творчасць гэтых самабытных выканальніц”.