Знакомьтесь: Михаил Трус

0
3

Знаёмцеся:

кіраўнік спраў Асіповіцкага райвыканкама

Міхаіл ТРУС

Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Асіповічах. Па заканчэнні СШ № 4 уладкаваўся слесарам у калгас “Асіповіцкі”. Адтуль перайшоў на завод “Каммаш”, дзе працаваў токарам. У 80-я гады рабочая моладзь мела значныя перавагі пры паступленні ў ВНУ, таму набыццё працоўнага вопыту адразу пасля атрымання сярэдняй адукацыі было распаўсюджанай з’явай.

У 1989 г. Міхаіла Уладзіміравіча прызвалі на вайсковую службу, падчас якой прайшоў курс падрыхтоўкі па вайскова-ўліковай спецыяльнасці “лётчык верталёта” ў Віцебскім вучэбна-авіяцыйным цэнтры імя А.К.Гараўца.

Пасля звальнення ў запас вярнуўся ў Асіповічы. З 1992 года працаваў інструктарам-метадыстам па спорце лакаматыўнага дэпо. У 1994 годзе перайшоў на службу ў Асіповіцкую ваенізаваную пажарную часць, якая тады адносілася да Міністэрства ўнутраных спраў. У 2002 годзе — начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Асіповіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Завочна атрымаў дыпломы Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэх-нічнага ўніверсітэта і Iнстытута кіравання АПК.

З 2007 па 2016 год — на розных афіцэрскіх пасадах у Службе бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Перадапошняя — старшы інспектар па асобых даручэннях сектара ўласнай бяспекі Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Маёр запасу. Узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” III, II і I ступеняў. На цяперашнюю пасаду прызначаны  19 лютага.

Міхаіл Уладзіміравіч не хавае, што заўсёды жадаў вярнуцца ў родны край, ніколі не парываў з ім сувязі і таму пачынае работу не з чыстага ліста.

Упэўнены, што атрыманы падчас службы ў сілавых структурах вопыт у галіне каардынацыйнай і арганізацыйнай дзейнасці можа быць карысны для павышэння якасці работы з дакументамі, забеспячэння эфектыўнага кантролю за рэалізацыяй рашэнняў, прымаемых выканаўчай уладай, і ў іншых справах органаў дзяржкіравання, дзе важныя бездакорная выканаўчая дысцыпліна і надзейнасць.

Жанаты. Мае дзвюх дачок.

З дзяцінства сур’ёзна займаецца спортам. У 1983 годзе хакейная каманда, у склад якой уваходзіў, стала чэмпіёнам БССР у турніры “Залатая шайба”. Быў чэмпіёнам Магілёўскай вобласці па мнагаборстве, шмат зрабіў для папулярызацыі культурызму ў Асіповічах.