Сёлета сельгаспрадпрыемствы раёна маюць заданне назапасіць травяных кармоў у разліку 32 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву, для чаго неабходна нарыхтаваць 7400 тон сена, 83400 — сенажу, 89000 — сіласу. Так як па першых двух пунктах маецца пэўны недабор, асаблівыя стаўкі робяцца менавіта на сілас.
Якраз і кукуруза ў гэтым годзе вырасла нядрэнная. Раён мае 3500 гектараў “царыцы палёў”, пераважная большасць ураджаю з якіх і пойдзе на зялёную масу. Пакуль убрана толькі 600 га, таму складана сказаць, якім будзе вынік, але 350 цэнтнераў з гектара прагназаваць ужо можна.
Не меншую, а то і большую аддачу ад кукурузных палеткаў плануюць атрымаць працаўнікі ААТ “Лапічы”. Да ўборкі тут належыць 280 гектараў, з якіх на сёння зжатая пятая частка. Пры сяўбе ўвесну ўпершыню выкарыстоўвалі гібрыд інтэнсіўны сярэдняранні “палтава”, які мае высокую экалагічную пластычнасць. У прынцыпе, вынікам задаволены. Пры добрым раскладзе — а надвор’е пакуль што корманарыхтоўцы не спрыяе — у гаспадарцы плануюць выканаць работы дзён за 15.
На нарыхтоўцы запасаў для буйной рагатай жывёлы задзейнічаны кормаўборачны камбайн “Палессе”, на якім працуе Міхаіл Тышкевіч. Адвозяць зялёную масу два МАЗы, дзе вадзіцелямі Мікалай Кайко і Вячаслаў Бугаёў, ды тры трактары са спецыяльнымі прычэпамі — на гэтай тэхніцы працуюць Сяргей Федзюкоў, Юрый Сенькін, Уладзіслаў Мельнік.
Гаспадарцы патрабуецца закласці тры сіласныя ямы, кожная з якіх будзе ўтрымліваць каля паўтары тысячы тон здробненай кукурузы. Каб “салата” не псавалася пры захаванні, выкарыстоўваецца кансервант “Лаксіл”. Важны этап — якасна ўтрамбаваць зялёную масу. Гэта аперацыя ажыццяўляецца з дапамогай трактара К-700 і “Амкадора”. А заняты на гэтым відзе работ механізатары Пётр Сцяпанаў і Сяргей Кузняцоў (на здымку з кіраўніком гаспадаркі Мікалаем Аляшкевчам). Дарэчы, Кузняцоў прыбыў у “Лапічы” на ўборачны сезон, а яго пастаяннае месца працы на ААТ «АЗАА». Увішны аўтаагрэгатчык добра зарэкамендаваў сябе на сельскагаспадарчых работах. “Калі дапамагаць — дык дапамагаць, а не ўвільваць ад абавязкаў”, — перакананы Сяргей Барысавіч і робіць усё для таго, каб “палявая камандзіроўка” была плённай.
Валянціна КОРБАЛЬ.