Пазаўчора на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне аграрыям завяршыць жніво не пазней як 20 жніўня. Кіраўнік дзяржавы спыніўся на многіх аспектах уборачнай кампаніі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на меры па мінімізацыі страт ураджаю.
Асіповіцкія хлебаробы гатовы выканаць даручэнне — жніво ў раёне набірае тэмпы. На ўчарашнюю раніцу ўбрана 12% збожжа і зернебабовых — 1076 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць — 32,2 цэнтнера з гектара, што адчувальна вышэй за леташнія здабыткі. Зладжана ідзе ўборка ў ААТ “ЖорнаўкаАГРА”: убрана ўжо пятая частка ад запланаванага. “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” справілася з 13%, амаль такі ж паказчык у ААТ “Авангард-Ніва” і філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, чые палеткі, дарэчы, даюць найлепшую аддачу — 49,3 ц/га. Важкія каласы наліліся і на нівах “ЖорнаўкіАГРА” і “Лапічаў”.
Да ўборкі ў апошняй, напрыклад, належала 113 гектараў азімай пшаніцы і 100 — яравой, 120 — жыта, 100 — ячменю і 50 — аўса, плюс 137 га зернебабовых. Як расказала галоўны аграном гаспадаркі Кацярына Максімюк, чарговасць уборкі палёў вызначаецца па некалькіх параметрах, сярод якіх — тэрміны сяўбы, вільготнасць. Спачатку прыступілі да азімай пшаніцы і жыта. Сёлета больш радуе пшаніца, а вось ячмень выклікае пэўныя хваляванні: культура ўдалася нізкарослай, дажджы і цёплае надвор’е, якое ўсталявалася апошнім часам, спрыяюць паўторнаму росту пустазелля. Карацей, клопатаў хапае.
На лапіцкіх палетках зараз працуе некалькі экіпажаў. Лепшыя вынікі на сёння ў Міхаіла Тышкевіча і Васіля Ёшчыка. Гэта ўжо вопытныя хлебаробы, добра ведаюць як характар тэхнікі, так і асаблівасці мясцовых палёў. Дапамагае ў рабоце і адпаведны настрой. Пакуль сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы каля 32 ц/га, але камбайнеры перакананы, што выніковая лічба будзе вышэйшай. У агульным ураджай павінен быць больш важкім, чым леташні.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.
Началась горячая уборочная пора, комбайны снуют туда сюда. Хлеб национальный убирают, продовольственную безопасность страны укрепляют.