Жніво ў гаспадарцы — перыяд заўсёды асаблівы. І хоць галоўная яго прымета — гул камбайнаў на палях, аднак ёсць і іншыя параметры, па якіх можна вызначыць, што на вёсцы аб’яўлена “агульная мабілізацыя”. Канечне, у самым мірным і стваральным яе сэнсе.
На думкі менавіта пра талаку навяло наведванне ААТ “ЖорнаўкаАГРА”, дзе ў цэнтры гаспадаркі назіраўся па-сапраўднаму дзелавы рух. Адразу прыцягваюць увагу флагшток і інфармацыйная дошка: устаноўленыя каля канторы, яны паведамляюць, у гонар каго раніцай быў узняты сцяг. За абнаўленне інфармацыі разам з эканамістамі адказвае старшыня прафкама Лідзія Раманенка, якая ў курсе ўсіх жніўных падзей і ведае цану маральнай падтрымкі. У полі зроку прафсаюзнага лідара пытанні забеспячэння спецадзеннем, арганізацыя гарачага харчавання і г.д.
Прыкметнае ажыўленне на мехдвары: механізатары і вадзіцелі абмяркоўвалі бягучыя справы, аглядалі-правяралі — у каторы раз! — тэхніку. Напярэдадні ноччу быў дастаткова моцны дождж, таму давялося цэлую раніцу чакаць, пакуль каласы на ніве падсохнуць. I, шчыра кажучы, для хлебароба няма нічога больш цяжкага, чым такое чаканне: час паджымае, літаральна кожная хвіліна мае сваю вагу. Аднак даводзіцца мець вытрымку. Затое ўвечары, калі надвор’е дазваляе, можна затрымацца на ніве. І тут ужо, маючы шчырае жаданне выканаць работу як мага лепш і хутчэй, не звяртаеш увагу на стому.
I вось, падсілкаваўшыся ў сталоўцы сельгаспрадпрыемства — кухары Галіна Елісеенка, Людміла Корсук і Iна Гайкевіч гатуюць смачна, па-дамашняму, з душою,— экіпажы выходзяць у поле. Калі не атрымліваецца “заправіцца” тут, абед і вячэру даставяць прама ў поле. Напружаная праца патрабуе шмат энергіі!
Па ўсёй верагоднасці, сёлета гаспадарка ў ліку першых справіцца з уборкай. Напрыклад, на ўчарашнюю раніцу тут убрана ўжо 42 працэнты. На нівы штодня выходзяць 5 камбайнаў — увесь “жніўны арсенал” своечасова падрыхтавалі да гарачай пары. Загадзя вырашылі пытанні і са складам экіпажаў, вадзіцелямі. Абышліся тут сваімі сіламі, з іншых арганізацый запрашаць людзей на дапамогу патрэбы не было. На сёлетнім жніве за штурваламі камбайнаў Пётр Жаўняк, Уладзімір Клунко, Сяргей Піляк, Яўген Чаропка і Аляксандр Бузаноўскі, памочнікі — Міхаіл Чарапок, Дзяніс Гурскі, Дзяніс Верамееў, Аляксандр Буслейка і Кірыл Цяслёнак. На адвозцы зерня шчыруюць Аляксандр Пятрэнка і Султан Аскераў.
— Лічу, што галоўны поспех справы заключаецца ў разуменні яе важнасці, — разважае дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Стурліс. — Жорнаўская каманда — а менавіта камандай хочацца назваць нашых працаўнікоў — дакладна ведае, што, па вялікім рахунку, харчовая бяспека краіны залежыць і ад асобна ўзятай гаспадаркі. Кожны ўсведамляе, што правесці ўборку як мага лепш — гэта і па грамадзянскім сумленні, і выгадна, і проста па-гаспадарску. Разам мы можам многае! Разумеюць усе і тое, што ў арганізацыі жніва няма дробязей: важна выконваць патрабаванні тэхнікі пажарнай бяспекі і бяспекі працы ў цэлым, паўнацэнна пакарміць лю-дзей, давесці звесткі аб выніках іх работы і, безумоўна, забяспечыць дастойную аплату. Пакуль нельга дакладна сказаць, якім будзе канчатковы здабытак, але ўжо можна меркаваць, што засекі будуць паўнейшыя, чым летась. I гэта добра, бо маем нямала планаў па развіцці гаспадаркі.
Валянціна КОРБАЛЬ.
Фота Ніны ЦАРЫК.