Санаторна-курортнаму лячэнню і аздараўленню працуючага насельніцтва быў прысвечаны семінар, які днямі прайшоў у раёне. Удзел у ім прынялі старшыні і казначэі камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні прадпрыемстваў і арганізацый. Такіх на Асіповіччыне налічваецца 158, а таму вучоба праводзілася ў 2 змены, каб кожны мог задаць пытанні, што цікавяць.
Галоўны спецыяліст прадстаўніцтва Магілёўскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па Асіповіцкім раёне Тамара Патапейка пазнаёміла слухачоў з Палажэннем аб парадку выдачы пуцёвак, спынілася на правах грамадзян на санаторна-курортнае лячэнне, парадку аплаты, дакументах, якія павінны захоўвацца ў камісіях.
Дарэчы, пуцёўкі на наступны год закупляюцца Рэспубліканскім цэнтрам у апошнім квартале папярэдняга, а затым размяркоўваюцца з улікам сацыяльных страхавальнікаў па абласцях. У сваю чаргу, абласныя ўпраўленні распаўсюджваюць іх па раёнах прапарцыянальна колькасці сацыяльных страхавальнікаў. Такім чынам, сёлета для Асіповіччыны запланавана 216 пуцёвак у здраўніцы, а на 1 тысячу працуючых летась было атрымана 17,3 пуцёўкі, што нават крыху вышэй за агульнаабласны паказчык.
Тамара Сяргееўна пазнаёміла ўдзельнікаў семінара са змяненнямі, якія прадугледжаны новымі заканадаўчымі дакументамі ў частцы, што датычыцца аздараўленчых лагераў, звярнула ўвагу на тое, што пашырыліся паўнамоцтвы камісій па аздараўленні. Пуцёўкі на дзяцей да 18 гадоў зараз выдаюцца бацькам па месцы працы незалежна ад таго, дзе вучыцца іх сын ці дачка. Камісіі выдаюць і пуцёўкі дзецям-інвалідам з суправаджэннем пры наяўнасці даведкі ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб патрэбе ў ім. Крыху павялічыўся працэнт паступлення ў арганізацыі пуцёвак для тандэма «маці і дзіця», якія ў апошні час сталі асабліва папулярнымі.
Галоўны спецыяліст спынілася на прадастаўленні штоквартальных справаздач, раскрыла механізмы вылічэння працэнта аплаты, дала тлумачэнні прадстаўнікам вайсковых часцей, у якіх ёсць адрозненні ў аплаце пуцёвак ваеннаслужачым і служачым.
Набліжаюцца летнія канікулы. Ці парадуюць яны школьнікаў цікавымі мера-прыемствамі і загартоўваючымі працэдурамі, новымі знаёмствамі і актыўным адпачынкам у аздараўленчых лагерах — залежыць і ад членаў камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. 550 пуцёвак чакаюць сваіх шчаслівых уладальнікаў. А як будуць праходзіць канікулы ў лагерах «Пціч» і «Вяззе» — чытайце на старонках летніх нумароў газеты.
Iна ЗАСКЕВIЧ.