Гэтыя сакавіцкія дні — самы напружаны перыяд у працоўным графіку Наталлі Патапчык. А здзіўляцца тут няма чаму: якраз перад святам жанчын, ды яшчэ ў пераднавагодні час, работа кандытара становіцца запатрабаванай у найвышэйшай ступені.
На ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” Наталля Сяргееўна працуе з 1982 года. I палову з указанага тэрміну — у кандытарскім цэху. Адпаведна, вопыт у працаўніцы багаты. Канечне, з цягам часу мяняецца і рэцэптура, і аздабленне тортаў, але гэта надае толькі прыемнай дынамікі ў працы. Асвойваць штосьці новае — цікава і карысна.
У рабоце асіповіцкіх хлебазаводскіх кандытараў ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, усе аперацыі — ад замешвання цеста для каржоў і стварэння элементаў дэкору вырабаў — выконваюцца адным чалавекам. Калі б працавала цэлая брыгада, магчыма, можна было працэс падзяліць, а так — не мае сэнсу: на змене працуе ўсяго два кандытары, якія своечасова і ў поўным аб’ёме спраўляюцца з заказамі.
Як прызналася майстрыха, ёй асабліва па душы выкананне тортаў на заказ: можна даць больш волі фантазіі. Калі салодкі пачастунак будзе адпраўляцца на дзіцячы дзень нараджэння, можна зрабіць усялякія фігуркі: звяроў, мультыплікацыйных герояў і г.д. А ўвогуле работа тым і падабаецца, што яна, як ні круці, звязана са святамі, станоўчымі падзеямі ў жыцці людзей. I гэта прыемна ўсведамляць.
Ці існуе рэцэпт ідэальнага торта? Так. Але ён не агульны, а ў кожнай гаспадыні свой. У кандытара Патапчык, напры-клад, усе торты лепшыя, бо яны выконваюцца строга па тэхналогіі. А свой мастацкі густ і фантазію дазваляе праявіць аздабленне. Адзінае, што можа параіць прафесіянал аматарам, — выпякаць торты выключна ў добрым настроі.
Быць кандытарам, безумоўна, справа прыемная, аднак гэта ў першую чаргу работа. Прычым далёка не з лёгкіх. Многім з жанчын знаёма пачуццё гонару ад зробленага ў дамашняй духоўцы торта і здрадлівая думка, ці каштаваў ён патрачанага часу і гары нямытага посуду. Звычайная ж нагрузка кандытара — дзясяткаў шэсць тортаў ды пара соцень пірожных за змену. I на рабочым месцы — заўсёды чысціня. У канцы дня ўсё часцей узнікае жаданне прысесці, а рукі пачынаюць страчваць паслухмянасць. Аднак паддавацца такім сімптомам Наталля Сяргееўна сабе не дазваляе: трэба, каб прадукцыя была і якасная, і прыгожая. Дарыць свята людзям — гэта вельмі адказна!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.