“Толькі прыбаўляць!” — менавіта так можна сфармуляваць адну са складаемых агульнай формулы поспеху ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”. І гэта выразная ўстаноўка на плённую працу эфектыўна дзейнічае, што пацвярджаюць і лічбы. За мінулы год аб’ём вытворчасці хлебабулачных вырабаў склаў 102,7%, кандытарскіх — 111,4. Аб’ём атрыманай выручкі ўзрос на 8,1%. Зараз штосуткі на прадпрыемстве вырабляецца каля 10 тон прадукцыі: 4 тоны фармавога хлеба, 1300 кілаграмаў — подавага, астатняе — хлебабулачныя і кандытарскія вырабы. Усяго ж асартыментны пералік на сёння ўключае 115 пазіцый — спіс салідны.
Аб заводскім хлебе — вырабленым і надзённым — і калектыве пагутарылі з дырэктарам Васіліем Крупенкам.
— Якім склаўся 2016-ты для прадпрыемства? Што можна лічыць знаходкамі?
— Год быў няпростым, але плённым. Нягледзячы на тое, што даволі складана раўняцца з буйнымі вытворцамі, у якіх закладзены зусім іншыя магчымасці, канкурэнцыю дастойна вытрымліваем. З другога боку, наяўнасць здаровага вытворчага спаборніцтва — фактар станоўчы: ёсць стымул пастаянна рухацца наперад, інакш не ўтрымаеш пазіцый. Сярод здабыткаў года — больш шырокае асваенне мінскага і бабруйскага напрамкаў, дзе з’явіліся новыя партнёры. Увогуле, доля экспарту прадукцыі за межы раёна з цягам часу ўзрастае: калі яшчэ некалькі гадоў назад гэта было 7-8 працэнтаў, то зараз — 22-23. Сярод знаходак—навінак назваў бы пернікі. Гэты прадукт з’явіўся на паліцах магазінаў у кастрычніку, пакуль мы вырабляем сырцовыя, потым пяройдзем на заварныя, у якіх большы тэрмін захавання. Асвойваем і слоенае цеста. Пачынаць раніцу з кубачка кавы з круасанам, мяркую, даспадобы не толькі парыжанам, але і асіпаўчанам.
— У чым або ў кім бачыце патэнцыял для развіцця прадпрыемства?
— У першую чаргу гэта людскі рэсурс. Зараз калектыў аб’ядноўвае 128 чалавек. Прыемна, што за апошнія гады ў нас практычна спынілася цякучасць кадраў. На заводзе працуюць людзі адказныя, неабыякавыя да справы. Усе спецыялісты дастаткова маладога ўзросту, з профіль—най адукацыяй, таму ў заўтрашні дзень глядзім смела.
Стымул у рабоце дае і ўдзел у розных вытворчых конкурсах, дзе нашы прадукты ўжо заваявалі нямала прэстыжных узнагарод. А гэта — паказчык агульнага прафесіяналізму калектыву.
— Прызнайцеся, Васілій Цімафеевіч, ці ёсць у асіповіцкіх хлебапёкаў свой сакрэт, які яны беражліва захоўваюць дзесяцігоддзямі?
— Скажу, што ёсць. Ужо нямала гадоў трымае свае пазіцыі фармавы хлеб, якому аддаюць перавагу многія землякі. А ўдаецца нам гэта перш за ўсё за кошт якасці. Многія вытворцы, каб зрабіць прадукт больш танным, ужываюць недарагую муку. У нашых жа “кірпічыках” нязменна прысутнічае пшанічная, якая надае і адпаведны смак, і аб’ём. Напрыклад, у лютым пачалі выпускаць “Узгорак” традыцыйны, у якім пшанічнай мукі 50%. Спрабавалі фармавы хлеб упакоўваць, аднак людзям не зусім спадабалася: кажуць, не такая хрусткая стала скарынка. Цяпер прадаём гэты прадукт без упакоўкі — пакупнікам так больш даспадобы. Для таго, каб спажыўцы мелі самы свежы хлеб, выпякаем яго выключна ў начную змену і раніцай дастаўляем у гандлёвыя кропкі. Так што галоўны сакрэт — улік інтарэсаў спажыўца і захаванне якасці.
— Ваша прадпрыемства адзначана ў аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай, інфармацыйна-прапагандысцкай і выхаваўчай работы. Як працуеце ў гэтым кірунку?
— Стварэнне камфортных і бяспечных умоў для эфектыўнай работы людзей, правільная іх матывацыя дапамагае мець у калектыве адпаведны працоўны настрой. Людзі адчуваюць вялікую адказнасць яшчэ і таму, што занятыя ў вытворчасці галоўнага прадукту і выразна гэта ўсведамляюць.
У многім дапамагае падтрымліваць спрыяльны мікраклімат прафсаюзны камітэт. Дарэчы, у нас усе працаўнікі — члены прафесійнай суполкі. Прафкам адказны не толькі за культурна—масавыя мерапрыемствы ды аздараўленне, але і за бяспеку працы. Ніколі не забываем і пра сваіх ветэранаў. Ім прыемна наша ўвага, а нам карысны іх багаты працоўны вопыт, якім яны з задавальненнем дзеляцца.
Падтрымліваць інфармаванасць завадчан дапамагаюць рэгулярныя сустрэчы, прычым не толькі ў адведзеныя для гэтага дні. Шмат карысных звестак размешчана на розных тэматычных стэндах.
— У любым калектыве, маленькі ён ці вялікі, ёсць людзі, якія надаюць імпульс у рабоце. Каго можаце адзначыць?
— Больш за 30 гадоў працуюць на прадпрыемстве кандытар Галіна Казлоўская і старшы майстар Галіна Каленік, пекар хлебнай лініі Людміла Запарожац, майстар—тэхнолаг Таццяна Кузьміч, аператар кацельні Валерый Волк. Толькі слоў падзякі заслугоў—вае і работа пекара Галіны Азаранка, цестамесаў Вольгі Грышановіч і Святланы Ястрэмскай, слесара—рамонтніка Івана Кірдуна, прыёмшчыкаў—здатчыкаў гатовай прадукцыі Святланы Кордавай і Ірыны Колтун, а таксама многіх іншых.
Асобна скажу пра тых, для каго работа на хлебазаводзе стала сямейнай справай. 4 дзесяцігоддзі аддала прадпрыемству Антаніна Горная. На працягу 34 гадоў яна ўзначальвала вытворчую лабараторыю, а зараз на гэтай пасадзе яе дачка Вольга Мароз. Дарэчы, яна ў нас і прафсаюзны лідар. Майстар—тэхнолаг Ірына Балуева мае стаж 35 гадоў, сёння побач з маці працуе заквасчыкам і дачка Вольга Антоненкава. Дзяўчына вучылася ў Маладзечанскім по—літэхнічным каледжы, цяпер заканчвае Магілёўскі ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці “тэхналогія хлебапякарнай, макароннай і кандытарскай вытворчасці”.
Бацькі заўсёды жадаюць дзецям толькі лепшага. Калі параілі працаваць на сваім прадпрыемстве, значыць, маюць да яго вялікую павагу, жадаюць, каб лёс сям’і і надалей быў звязаны з лёсам завода. Гэта, па вялікім рахунку, і ёсць найвышэйшая ацэнка.