Навучэнцы мясцовага прафесійна—тэхнічнага каледжа і граніт навукі грызці паспяваюць, і ў конкурсах удзельнічаць, і прафесійнае майстэрства дэманстраваць. Не верыце?
Знаёмцеся: першакурснікі
Так ці інакш, але свята навічкоў штогод праводзяць у большасці сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Мэта зразумелая: даць магчымасць першакурснікам прэзентаваць сябе і пазнаёміць з імі астатніх. Натуральна, не пакінулі без увагі тых, хто толькі прыступіў да атрымання прафесійнай адукацыі, і ў нашым каледжы.
З моманту пачатку заняткаў прайшло ўжо тры месяцы, моладзь крыху асвоілася — у самы раз прадэманстраваць свае магчымасці і таленты!
У Міжнародны дзень студэнта навучэнцы ўсіх курсаў і выкладчыкі сабраліся ў актавай зале. На сцэну запрашалі будучых гандляроў, кухараў, цырульнікаў, швачак, вадзіцеляў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў — усяго 4 групы I курса. Кожная прадэманстравала прэзентацыю сваёй прафесіі і выканала некаторыя заданні, звязаныя з будучым заняткам. А галоўнае, юнакі і дзяўчаты ўрачыста далі клятву першакурсніка — сваю для кожнай спецыяльнасці.
Потым ім прапанавалі выбраць лёс групы на будучыя тры гады, паспаборнічаць у трапнасці, пазнаць педагогаў па фотаздымках і атрымаць салодкія прызы. Пасля чаго распачалася святочная дыскатэка.
«Дарагія першакурснікі! Сардэчна запрашаем у свет самых патрэбных і важных прафесій. Няма сумненняў у тым, што вы даможацеся прызнання свайго прафесіяналізму не толькі ў сценах каледжа. Галоўнае — ніколі не спыняцца на дасягнутым», — менавіта такімі словамі завершылася свята прысвячэння ў першакурснікі. Спадзяёмся, так яно ўсё і атрымаецца!
Прафесійныя суботы
Вучэбны год плаўна падыходзіць да свайго экватара, і для многіх школьнікаў час ужо зараз задумацца пра будучую спецыяльнасць. Непасрэдна з мэтай прафесійнай арыентацыі ва ўстанове і праводзяцца так званыя прафесійныя суботы. У апошні час навучальную ўстанову наведалі вучні Лапіцкай, Свіслацкай і Жорнаўскай сярэдніх школ.
Для юных гасцей правялі экскурсіі па альма-матар, арганізавалі майстар-класы з удзелам выкладчыкаў, майстроў і навучэнцаў.
Падобныя мерапрыемствы скіраваны менавіта на прафесійную арыентацыю патэнцыяльных першакурснікаў і павышэнне прыцягальнасці рабочых спецыяльнасцей, якія можна атрымаць у мясцовым каледжы, не выязджаючы далёка за межы раёна. І, магчыма, камусьці з цяперашніх школьнікаў падобныя сустрэчы сапраўды дапамогуць вызначыцца з будучым жыццёвым заняткам.
Хто гандлюе лепш за ўсіх?
Зразумела, юнакі і дзяўчаты прыходзяць у прафтэхкаледж у першую чаргу атрымаць адукацыю па той ці іншай спецыяльнасці. Але без якіх-небудзь конкурсаў, свят, мерапрыемстваў у пазаўрочны час было б, пага-дзіцеся, крыху сумна. А калі ўсё гэта сумясціць? Менавіта так і зрабілі без пяці хвілін выпускнікі — навучэнцы 31 групы па спецыяльнасці «Гандлёвая справа» разам з майстрам вытворчага навучання Аленай Мікульчык. «Лепшы па прафесіі» — так называўся конкурс прафесійнага майстэрства, асноўная мэта якога — выяўленне якасці ўзроўню тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі будучых работнікаў гандлю.
Дзяўчаты-старшакурсніцы падзяліліся на тры каманды: «Пятый элемент», «Продавцы счастья» і «Грим». Удзельніцы вынеслі на суд кампетэнтнага журы хатняе заданне, бадзёра адказвалі на пытанні тэарэтычнага этапу «Веды — сіла», а таксама прадэманстравалі свае навыкі практычнага майстэрства ў конкурсе «Усё ўмею»: драпіравалі тканінай манекены, упакоўвалі тавар і камплектавалі падарунак.
Выступленнем дзяўчат засталіся задаволеныя ўсе — але ж як без пераможцаў? Урэшце лепшымі будучымі работнікамі гандлю прызналі Дар’ю Хмялёву, Дзіяну Саламонаву, Вераніку Брыцько, Вікторыю Чарныш (каманда «Пятый элемент»), пасля іх размясціліся Аляксандра Адамовіч, Анастасія Астрэйка, Паліна Лапанава і Крысціна Філановіч («Грим»), а на трэцім месцы Вераніка Аляшкевіч, Марыя Васьковіч, Анастасія Працко і Яніна Кагацько («Продавцы счастья»).
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота з архіваў АДПТК.