У пятніцу ў вёсцы Дуброва адбылося адкрыццё мемарыяльнага знака на месцы былой панскай сядзібы Магдалены Радзівіл з роду Завішаў у гонар 155-годдзя з дня яе нараджэння. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў раённай і мясцовай улад, у тым ліку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыну Раманчук і старшыню Лапіцкага сельсавета Аляксандра Гарадзілава, Заслужанага работніка культуры Беларусі Анатоля Тамашэўскага, супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея пад началам Антаніны Сцяпанавай, вучняў Жорнаўскай і Лапіцкай школ, тутэйшае насельніцтва.
Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел кандыдат гістарычных навук Ігар Язэпенка, наш зямляк, выдавец, журналіст, краязнавец Віктар Хурсік, які даўно марыў, каб на гэтым слынным месцы з’явіўся памятны знак у гонар княгіні Магдалены Радзівіл.
Да такой важнай справы спрычыніліся валанцёры Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, малодшы навуковы супрацоўнік музея Алег Вараненка, мясцовы жыхар Іван Бараноўскі і другія.
Кожны, хто прысутнічаў на мерапрыемстве, стаў не толькі яго сведкам, але і ўпісаў новую старонку ў гісторыю нашага краю, спадчыну якога трэба берагчы.
Цяпер да Магдалены Радзівіл можна прыйсці ў госці, маўкліва пасядзець у засені векавых ліп, парадавацца таму, як цягнуцца ўвысь зноўку пасаджаныя дубкі і наталіцца прыгажосцю навакольных мясцін.
Ніна ВIКТОРЧЫК.