На ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” асаблівы час: прадпрыемства запланавала выпусціць да Вялікадня 20 тысяч кексаў і паспяхова рэалізуе запланаванае. Цяпер тут пануе ажыўленне не толькі ў начную змену, калі выпякаецца хлеб, але і ўдзень — каб забяспечыць жыхароў раёна велікоднымі пачастункамі.
Як расказалі спецыялісты вытворчай лабараторыі, на выбар спажыўцу прапануецца 6 відаў кексаў: “Вясновая раніца”, “Чараўніца”, “Графскі”, “Вербны” і дзве навінкі — “Велікодны з арахісам” і “Вясна-красна”. Апошні, напрыклад, упрыгожаны белым шакаладам з пасыпкаю, у цеста дабаўляецца курага, разынкі.
Увогуле ж кексы — складанарэцэптурныя кандытарскія вырабы, у склад якіх уваходзіць вялікая колькасць узбітых у пену яек, сахару, маргарыну. Усе кампаненты дазваляюць атрымаць асаблівае цеста, а гатовыя вырабы доўга захоўваюцца і не чарсцвеюць. Замес рыхтуюць традыцыйным апарным спосабам, кексы атрымліваюцца з непаўторным смакам і водарам, пышным мякішам і хрумсткай скарынкай. Ва ўпакоўцы вырабы захоў-ваюцца да 12 дзён. Для зручнасці пакупнікоў кексы маюць розную вагу — па 200, 300 і 400 грамаў.
У перадвелікодныя дні прадпрыемства традыцыйна наведвае благачынны Асіповіцкай акругі, настаяцель Свята-Уведзенскага храма протаіерэй Васілій Белавус, каб блаславіць мясцовых хлебапёкаў на выраб кулічоў, без якіх не абыходзіцца ні адзін святочны стол. Сустрэўся з працаўнікамі хлебазавода святы айцец і сёлета. Адна з яго парад — пачынаць любую працу, тым больш — стварэнне найгалоўнейшага прадукта, з радасцю ў сэрцы.