Многія асіпаўчане адзначаюць, што сёлета навагодняе аблічча горада больш адметнае і яркае, чым у ранейшыя гады. Гэта — прыемна. І спрыяла таму некалькі фактараў, у тым ліку правядзенне чарговага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе і каляднае афармленне арганізацый горада.
Параметры, на якія журы звяртала асаблівую ўвагу, — арыгінальнасць, навізна, эстэтычнасць і ўласны прагрэс у справе ўпрыгожвання будынкаў і тэрыторый.
Для аб’ектыўнасці ацэнкі былі вызначаны тры групы. У першай, якая аб’ядноўвала прадпрыемствы прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўнічыя арганізацыі, першае месца прысуджана ВУП “Малочны полюс”, другое — УКП ЖКГ, трэцяе — ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”.
Сярод прадпрыемстваў транспарту, сувязі, гандлю і паслуг месцы размеркаваліся такім чынам: вакзал чыгуначнай станцыі Асіповічы транспартнага РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі”, Асіповіцкая дыстанцыя пуці, рэстаран “Пралеска” ААТ “Асіповіцкі камбінат грамадскага харчавання”.
Спаборніцтва ўстаноў культуры, аховы здароўя, фізічнай культуры, спорту і турызму прынесла поспех нашаму дзяржаўнаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу, за ім — раённы Цэнтр культуры і адпачынку, а “бронза” аддадзена СШ № 4.
Таксама камісія падкрэсліла цікавае афармленне прыватных гандлёвых аб’ектаў па вуліцы Інтэрнацыянальнай — павільёна “Зялёны свет” ІП Харашун М.І. і магазіна ПГУП “Асмалоўскі”.