Конкурс “Міс Асіповічы” выклікае ў землякоў вялікі інтарэс. Чарговае пацвярджэнне таму — перапоўненая глядзельная зала раённага Цэнтра культуры і адпачынку ў суботу, дзе ў фінальнай частцы спаборніцтва паказалі свае рознабаковыя таленты 7 прэтэндэнтак на карону пераможцы.
Конкурсная праграма была напружанай і больш шырокай, чым раней. Тры спаборніцтвы: “Кулінарнае” — дэманстрацыя ўмення гатаваць ежу ў фармаце сучаснага мастацтва, “Спартыўнае” — праверка фізічнай формы на сапраўднай вайсковай паласе перашкод, і “Фотасесія” — уменне дэманстраваць свае знешнія дадзеныя пры стварэнні партфоліа — праводзіліся папярэдне, а ў фінале дэманстраваліся відэафільмы з найбольш яскравымі момантамі гэтых падзей. Дэфіле ж у дзелавой вопратцы, у нацыянальных строях і ў шлюбных сукенках, конкурсы “Візітная картка” (самапрэзентацыя), “Творчы” (правядзенне нейкай сцэнічнай дзеі) прайшлі на вачах гледачоў.
Яшчэ адна навацыя — судзілі нашых прыгажунь адразу два журы: “афіцыйнае” — на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Дзмітрыем Міхалёвым, і “грамадскае”, у якое былі запрошаны ранейшыя ўдзельніцы конкурсаў “Міс Асіповічы” і “Місіс Асіповічы”.
Меркаванні абедзвюх судзейскіх каманд супалі: карону “Міс Асіповічы-2015” арбітры аддалі Святлане ТАРНАВЕЦКАЙ, а сёлетняй “Віцэ-Міс” стала Анастасія ГУРЫНОВІЧ. Астатнія званні заваявалі: “Міс Арыгінальнасць” — Тэрэза АРЭХВА, “Міс Грацыя” — Аксана СУШЧЫК, “Міс Чароўнасць” — Таццяна КАВАЛЬЧУК, “Міс Фота” — Дар’я ХМЯЛЁВА, “Міс Спорт” — Iрына КУХТА.
Дзмітрый САЎРЫЦКI. Фота Марыі ТАЛЕЙКА.
Больш фота — на нашых старонках у сацыяльных сетках.