Міфы, казкі, паданні і іншыя не зусім рэалістычныя расповеды — абавязковая частка любой народнай культуры. Наша краіна не выключэнне: пусткі, балоты, палі, лясы, азёры, рэчкі, закуты бедных сялянскіх падворкаў і пакоі багатых палацаў з пункту гледжання продкаў былі запоўнены самымі рознымі фантастычнымі істотамі.
У 2010 годзе выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выдала цікавы зборнік “Чароўны свет” — своеасаблівую энцыклапедыю з апісаннем нораваў, звычак галоўных герояў беларускага фальклору і іх уплыву на чалавечы побыт.
На жаль, незвычайны даведнік меў вельмі нязначны тыраж і таму адразу стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. З гэтай нагоды “раёнка” і друкуе вытрымкі з узгаданай кнігі, каб даць чытачам пэўнае ўяўленне аб тым, “хто ёсць хто” ў пантэоне нашай міфалогіі.
Расповед пачнем з істот, якіх можна лічыць станоўчымі. Да людзей яны звычайна адносяцца добра, хаця некаторых лепш не выводзіць з раўнавагі.
Бай
Герой дзіцячай забаўлянкі, узор своеасаблівай адчэпкі, калі на бясконцыя просьбы-патрабаванні дзіцяці баяць (расказваць) казкі, дарослыя адказвалі кароценькім жартам.
— Мама, бай казку!
— Ішоў Бай па сцяне ў чырвоным жупане, нёс сямёра лапцей: і жане, і сабе, і дзяцёнку па лапцёнку.
Заканчвалася забаўлянка пытаннем: “Баіць казку ці не?“. І так паўтаралася, пакуль дзіця не разумела, што надакучваць дарослым нельга. Ну а самых упартых чакаў працяг “Бая”:
— Баўлю, баўлю баёначку, узяў кот даёначку, занёс на гару, паклаў на кару, абнёс каля калёс, а хто слухаў, таму — пшых! — у нос.
Бордзя
Апякунка тых, хто нядаўна ўзяў шлюб. Мае выгляд надзвычай мілавіднай жанчыны сярэдняга ўзросту з распушчанымі валасамі і ў міні-спадніцы.
У адной руцэ яна трымае галінку, магчыма — чарадзейную палачку, у другой — нейкія зёлкі.
Бордзя старанна дапамагае маладой сям’і, увесь час трымаецца побач. На другі дзень шлюбу яна нябачна прысутнічае за сталом і падлівае маладым чароўныя кроплі для ўмацавання між імі добрых адносін.
У першыя дні сумеснага жыцця трэба было ставіць для Бордзі на стол прыбор, напоўнены рознымі прысмакамі, а ноччу пераносіць яго ў покуць. Калі ў маладых усё ладзілася, то жылі шчасліва і заможна. Гэта было прыкметай задаволенасці міфалагічнай апякункі: “Разбордзілася, як за Бордзяю”. Ну а калі адносіны ў сям’і не складваліся, усе ведалі прычыну: “Гэ, бо не ад Бордзі” — шлюб адбыўся не па каханні.
Бялун
У дахрысціянскія часы лічыўся богам багацця і міласэрнасці, бацькам Перуна. Выглядам быў падобны на старога з доўгай белай, але не сівой барадой. Адзеннем у Белуна быў белы саван, у руцэ — белы посах.
Звычайна Белуна можна было сустрэць у лесе, дзе ён падказваў заблукаўшым падарожнікам, як знайсці правільную дарогу, альбо ў полі падчас жніва, дзе дапамагаў пераадолець стому найбольш руплівым жнеям.
Аднак да некаторых бедных людзей Бялун меў асаблівую прыхільнасць і дапамагаў больш важкім спосабам. Вось толькі свой шанц чалавек не павінен быў упусціць.
Лічылася, што Бялун мог нечакана выскачыць з жытнёвага поля, маючы на носе вялікую торбу, і падысці да бедняка з просьбай выцерці яму нос, “з якога цячэ”. Калі чалавек не спалохаецца і выканае просьбу, ці хоць дакранецца да белуновага носа, з торбы пасыплюцца грошы. Іх колькасць залежала ад таго, чым гэта рабілася: калі рукой — манет будзе жменя, калі шапкай — столькі, колькі ў ёй змесціцца.
Пра чалавека, які нечакана разбагацеў, так і казалі: ”Мусіць, пасябрыўся з Белуном”.
Жыцень
Дух палёў, спрыяўшы выспяванню збожжа і гародніны. Ускудлачаная, анарэксічнага складу нізкарослая істота, маючая тры вока (адно на патыліцы).
Рухаецца сагнуўшыся, пільна шукае на жніве пакінутыя каласы. Як знойдзе — збірае і звязвае ў снапы. Іх потым пераносіць на тую ніву, дзе збожжа сабрана найбольш ашчадна. Пераносячы каласы, Жыцень пераразмяркоўвае жыццёвую сілу зямлі, таму там, куды ён паставіў свой сноп, на наступны год будзе больш шчодры ўраджай.
Перад добрым гаспадаром Жыцень можа з’явіцца ў абліччы жабрака з торбай і папярэдзіць пра надыход галоднага часу, каб той паспеў зрабіць патрэбныя запасы. Адсюль і прымаўка: “Жыцень з кабзой (торбай) — голад на двор”.
Зюзя
Бог зімы — тоўсты стары дзед у белай цёплай вопратцы, але басанож і без шапкі. У руцэ мае жалезную булаву. Жыве ў лесе, часам выходзіць у вёску, каб выратаваць ад холаду бедную сям’ю ці пад’есці куцці, якую вельмі любіць.
Сыты Зюзя становіцца лагодным, але калі штосьці яму не падабаецца, можа на людзей раззлавацца. Дрэнны настрой спаганяе, стукаючы булавою ў пень, ад чаго той гучна скрыгоча і трэскаецца. Пачуўшы такі скрыгат, усе разумелі: “Зюзя стукае, людзей ушчувае”.
Набліжэнне вясны ў народзе ўспрымалі як барацьбу Зюзі з богам цяпла Перуном і яго жонкай Грамаўніцай.
Мароз
Ён жа Пан, Дзед Мароз, Ледзяны Дзед.
Стары сівы дзед з сінім альбо чырвоным носам. Яго валасы і барада пакрыты інеем. Апрануты ў ледзяны кажух. Лічыцца адным з волатаў-багатыроў, якія могуць уплываць на стан прыроды.
З’яўляецца на зямлю зімой, каб пракладваць масты праз вадаёмы, аднак можа паслухаць ведзьмакоў і прыйсці позняй вясной ці ранняй восенню. Каб таго не атрымалася, трэба задобрыць Мароза рытуальнай ахвярай: на Каляды першай лыжкай святочнай ежы гаспадар павінен стукнуць у сцяну, выйсці на парог і запрасіць: “Мароз, хадзі куццю есці. Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць”.
Ледзяны Дзед мае схільнасць на чорнага гумару. Любіць марозіць падарожнікаў і чакае, што тыя знойдуць нестандартнае выйсце з неспрыяльнай сітуацыі. Класічнае развіццё падзей падчас марозавай забавы: мужык, што ехаў у лес у старым кажуху, скінуў верхнюю вопратку і пачаў грэцца хуткімі рухамі, у той час як пан у багатай шубе варушыцца не пажадаў і загінуў ад холаду.
Талака
Апякунка жніва і ўрадлівасці — адзін з найбольш папулярных персанажаў айчыннай міфалогіі, у гонар якога ладзілася радаснае свята падчас уборкі ўраджаю — Дажынкі.
Сярод жанчын — удзельніц свята — жэрабям выбіралася тая, што будзе ўвасабляць Талаку. Яе ўпрыгожвалі кветкамі, на галаву надзявалі вянок з доўгім белым пакрывалам, давалі ў рукі сноп.
Талака кіравала святочным карагодам і вяла ўдзельнікаў жніва ў дом гаспадара, які павінен быў сустрэць яе хлебам-соллю, а потым, падняўшы на рукі, пасадзіць у Чырвоны кут. Пасля святочнай вячэры Талака аддае гаспадару свой вянок, а памочнікі-талачэйкі абавязаны правесці яе да самага дома.
Цёця
Другое імя — Грамаўніца. Багіня лета, жонка Перуна. Мажная прыгожая жанчына сярэдняга ўзросту, якая гуляе па палях, прыбраная каласамі са спелымі пладамі ў руках. Сімвалізуе ўрадлівасць і дабрабыт, лічыцца ахоўніцай дзяцей.
Падчас галоднай зімы сяляне гаварылі: ”Голад — не Цёця, падапрэ — лыка з’еш”. Пазней гэты выраз пераўтварыўся ў агульнавядомую прымаўку “Голад не цётка”.
Сярод язычніцкіх багінь мела больш высокі статус, чым Ляля, багіня вясны. Апошнюю продкі лічылі эталонам жаноцкасці і прыгажосці. Ад таго пра самых прывабных дзяўчат казалі: “Прыгожая, як Ляля!”
Лялё
Знешне нагадвае купідона — хлопчыка з крыламі. Аднак найчасцей яго можна ўбачыць у выглядзе туманнага свячэння.
Лялё ахоўвае немаўлят падчас іх сну і з’яўляецца, пачуўшы такую калыханку:
Ой, Лёлі, Лёлі! Прыйдзі да дзіцяці Да дай спаці! Ой, Лелі, Лелі! Прыйдзі к пасцелі! Ой, Люлі, Люлі! Прыйдзі к Пятрулі!
Дзякуй вялiкi за артыкул! Вельмi iнфарматыуна, добра напicана!