Акунуцца ў атмасферу таямнічасці абраду калядавання можна было ў нядзелю ў аграгарадку Дрычын, дзе ладзілася штогадовае раённае свята «Шчадроўкі». У ім прынялі ўдзел народныя калектывы «Вязанка» з Вяззя, «Вяселле» з Каўгароў і тутэйшы гурт «Вярба».
Пакуль сяльчане збіраліся ў клуб, дзе праходзіла асноўнае тэатралізаванае дзейства, пераапранутыя ў калядных герояў самадзейныя артысты з «Вязанкі» з песнямі і танцамі накіраваліся па вясковых вуліцах, каб павесяліць народ ды завітаць у хаты з віншаваннямі-пажаданнямі. Калісьці ў абрад калядавання нашы продкі ўкладвалі глыбокі сэнс: дзякавалі сілам прыроды за сабраны ўраджай, прасілі іх быць шчодрымі і на наступны год, каб поўна было ў доме, хляве і полі. Кожны гаспадар лічыў за шчасце, калі ў яго хату наведваліся са шчадраваннямі — абавязкова пашанцуе ва ўсіх справах. Таму і адорваў добразычлівую кампанію. Сучасныя дрычынцы, да якіх заходзіў вясёлы гурт і разгортваў цэлае прадстаўленне, таксама не сталі выключэннем — ад душы частавалі гасцей, паказваючы сваю гасціннасць.
Вярнуўшыся ў мясцовую ўстанову культуры, удзельнікі «Вязанкі» далучыліся да святочнай праграмы, перад пачаткам якой прысутныя маглі паглядзець калядную батлейку, падрыхтаваную членамі тэатральнага гуртка Дрычынскага клуба.
I вось на сцэне — Гаспадар і Гаспадыня, якія гатуюць калядны стол і чакаюць гасцей. Тыя не затрымліваюцца, і хутка перад гледачамі прадсталі ўсе тры творчыя калектывы, якія сыпалі жартамі і пажаданнямі, спявалі і танцавалі. Да гульняў і карагодаў далучыліся і ўсе жадаючыя, у зале стала па-дамашняму цёпла і ўтульна. Людзі сталага ўзросту ўспомнілі свае маладыя гады, калі гэтак жа весела і заўзята праводзілі святыя вечары.
Былі ў той дзень і віншаванні з Новым годам і Калядамі з вуснаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрыны Раманчук і старшыні Дрычынскага сельсавета Мікалая Яромава, заслужаныя ўзнагароды калектывам за адраджэнне народнай спадчыны. А жыхары дзякавалі ініцыятараў мерапрыемства за цудоўную магчымасць дакрануцца да старадаўніх традыцый і за тыя станоўчыя эмоцыі, з якімі яны разыходзіліся па дамах.
Ніна ВIКТОРЧЫК. Фота аўтара.
Веселые Каляды были и прошлом году в д. Ясень — см. видео
https://www.youtube.com/my_videos?o=U
КОЗА все та же!