Бытавое смецце, дакладней — адыходы жыццядзейнасці чалавека ўяўляюць сабой настолькі значны фактар уплыву, што аб’ёмы іх утварэння, месцы захавання ды метады перапрацоўкі ўлічваюцца нават пры планаванні вайсковых аперацый. Сапраўды, няцяжка ўявіць, як паўплывае на маральны дух і працаздольнасць жыхароў буйнога прамысловага цэнтра разбурэнне, напрыклад, яго каналізацыйнай сістэмы…
Аднак не будзем аб сумным, пяройдзем лепш да актуальнага.
Гарадскі палігон цвёрдых бытавых адыходаў наблізіўся да праектнага запаўнення два гады назад. ДУКВП “Райсэрвіс”, пад чыім наглядам знаходзіцца галоўны сметнік раёна, своечасова пачаў падрыхтоўку да яго пашырэння. Рэканструкцыя асіповіцкага сметніка была ўнесена ў абласны план будаўніцтва, своечасова падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, і ў 2013 годзе пачаліся земляныя работы.
Падобныя аб’екты камунальнай інфраструктуры адносяцца да найбольш прыярытэтных, таму чакалася, што грошы будуць выдзяляцца своечасова, аднак за мінулы год фінансаванне склала толькі каля 20% ад запланаванага. Сёлета сродкі на працяг будаўніцтва — а трэба яшчэ каля 7,5 мільярда рублёў — не выдзяляліся наогул, і пакуль няма асаблівай упэўненасці, што гэтая сума будзе хутка атрымана.
Смецце ж тым часам працягвае паступаць на ўжо небяспечна перагружаны “стары” палігон, які сёння ўяўляе піраміду плошчай у некалькі гектараў і вышынёй з чатырохпавярховы дом. Па словах дырэктара “Райсэрвіса” Аляксандра Маслава, ужо напачатку зімы заезд машын-смеццявозаў на вяршыню гэтай піраміды стане праблематычным з-за стромкасці яе схілаў, таму не выключана, што кантэйнеры ЦБА давядзецца разгружаць у яе падножжа і зацягваць іх змесціва ўверх бульдозерамі. Аднак нават такім экстрэмальным — і значна больш дарагім, чым звычайны — спосабам транспарціроўкі смецця можна будзе карыстацца не вельмі доўга.
Крайні тэрмін уводу ў эксплуатацыю новай пляцоўкі для захавання бытавых адыходаў — канец 2015 года. Калі да азначанага часу стратэгічна-важная новабудоўля не будзе завершана, раён сутыкнецца з зусім не рытарычным пытаннем: “Што рабіць са смеццем, якога кожны дзень утвараецца да 200 кубаметраў?”
Камунальнікі, эколагі і раённая адміністрацыя сёння шукаюць спосаб нейтралізацыі ўзгаданай праблемы, і, па ўсёй верагоднасці, востра неабходныя грошы ўсё ж будуць выдзелены. А паралельна ўдалося зрабіць сур’ёзны крок у яшчэ адным актуальным накірунку “смеццевага” пытання. Днямі стала вядома, што Асіповічы ўнесены ў спіс з сямі гарадоў Магілёўшчыны, дзе да канца года пабудуюцца станцыі сарціроўкі ЦБА.
Кожная з гэтых станцый будзе стварацца пад спецыфічныя патрэбы канкрэтных карыстальнікаў — такі індывідуальны падыход павінен павялічыць эфектыўнасць выдзялення другасных рэсурсаў з адкідаў змешанага складу. Разам з дзеючай сёння лініяй дасарціроўкі, якая апрацоўвае кантэйнеры раздзельнага збору ЦБА, сарціровачная станцыя здолее перабіраць да 35% ад усяго ўтвараемага аб’ёму бытавых адыходаў.
Агляд апошніх падзей на “смеццевым фронце” будзе няпоўным без узгадання нечаканых складанасцей, якія выклікала ў камунальнай службы спроба паўторнага ўжывання глебы, што застаецца на буракапрыёмным пункце пасля адпраўкі караняплодаў на цукровы завод. Гэты грунт і сам па сабе ўрадлівы і да таго ж утрымлівае немалую колькасць уключэнняў арганікі — кавалкаў салодкіх караняплодаў, таму яго прымяненне для патрэб азелянення населеных пунктаў мае рацыю.
Аднак не ўсё так проста. Рэшткі буракоў пры перагніванні ўтвараюць настолькі спецыфічны пах, што карыстацца ўзгаданым грунтам пакуль магчыма толькі ў вельмі абмежаваных аб’ёмах і пераважна падалей ад “спальных” кварталаў, паркаў і іншых мясцін агульнага карыстання…
Дзмітрый САЎРЫЦКI.