Рассоха. 11.00. З поўным на тое правам гэтае ўрочышча можна лічыць месцам, найбольш знакавым для захавання памяці аб удзеле землякоў у партызанскім руху падчас Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта з ім звязаны найбольш важныя падзеі ў жыцці народных мсціўцаў Асіповіччыны. I — што сёння яшчэ больш важна — захавалася аўра таго цяжкага, але велічнага часу.
Калі знаходзішся тут, не трэба шмат фантазіі, каб адчуць, што па гэтай паляне хадзіў Мікалай Каралёў, вось пад тым дрэвам сядзеў Васіль Глотаў, які ўзначаліў пасля адлёту таго ў Маскву Асіповіцкую ваенна-аператыўную групу, у той зямлянцы адпачываў Сцяпан Сумчанка, вось сюды, на партызанскі аэрадром, садзіліся самалёты са зброяй, ежай, медыкаментамі.
А тут партызаны атрымлівалі апошнюю пашану: на мясцовых могілках пахаваны Уладзімір Кунько і яшчэ каля 80 яго баявых таварышаў…
Мемарыял ва ўрочышчы быў пабудаваны ў 1972 годзе, аднак узнік ён не на закінутым месцы: пасля вайны для былых змагароў з ворагам стала справай гонару наведваць сваю базу, наглядаць за парадкам.
У 70-ю гадавіну вызвалення раёна ў Рассоху, добраўпарадкаваную і святочна прыбраную намаганнямі старшыні Градзянскага сельсавета Валянціны Хісаевай з паплечнікамі, зноў сабраліся землякі — аднавілі традыцыю. Ва ўрачыстым мітынгу, які адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Семянцоў, прыняло ўдзел каля 200 жыхароў горада і прылягаючых вёсак, вайскоўцы 36-й дарожна-маставой брыгады, школьнікі. Ён не быў доўгім, аднак удзельнікі не спяшаліся вярнуцца да бягучых спраў. Яшчэ доўга яны задуменна хадзілі па былой партызанскай базе ды абменьваліся ўражаннямі, сярод якіх агульным рэфрэнам гучала: “У Рассоху трэба будзе наведацца яшчэ!”
I гэта жаданне, напэўна, можна лічыць самай галоўнай выявай удзячнасці сучаснікаў да сваіх гераічных продкаў.
Брыцалавічы. 12.00. Тут, каля мемарыяльнага комплексу ў гонар спаленых фашысцкімі захопнікамі 667 мірных грамадзян, па традыцыі прайшоў мітынг-рэквіем, які сабраў не адну сотню чалавек. Сярод іх — кіраўнікі раённай улады, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, мясцовыя жыхары і сяльчане навакольных вёсак, школьнікі.
Словы ўдзячнасці тым, хто вызваляў раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хто каваў агульную перамогу над ворагам, які руйнаваў нашы гарады і сёлы, выказалі старшыні райвыканкама і райсавета дэпутатаў Пётр Шукаловіч і Аляксандр Пузік, ветэран Узброеных Сіл, былы афганец Юрый Корбан, першы сакратар райарганізацыі “БРСМ” Ганна Калодка.
Ад імя тых, хто пра Вялікую Айчынную ведае не па чутках, у каго яна адняла дзяцінства, да прысутных звярнуўся былы малалетні вязень Анатоль Дольскі, які расказаў пра гісторыю стварэння манумента. “Такіх маленькіх Хатыняў на Асіповіччыне дзясяткі, — сказаў ён. — Галоўнае — беражна захоўваць гэтыя святыя мясціны і памяць пра загінуўшых на той вайне”.
Да помніка ўскладаюцца вянкі і кветкі. Хвіліна маўчання…
Няхай жа ніколі на нашай зямлі не прагучыць гэтае страшнае слова “вайна”!