Конкурс сацыяльных тэхналогій у абарону сямейных каштоўнасцей “За жыццё”, арганізаваны Магілёўскім аблвыканкамам, Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіямі Беларускай праваслаўнай царквы і міжнародным фондам “Сям’я — Адзінства — Айчына”, прынёс землякам чарговыя ўзнагароды: дыпломамі і прызамі ў розных намінацыях адзначаны рэдакцыя раённай газеты “Асіповіцкі край”, раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, настаўнікі Святлана Скупановіч і Максім Мікуліч з Ялізаўскай СШ і Ясенскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа адпаведна. Усяго ў конкурсе было каля 120 удзельнікаў.
На цырымоніі ўзнагароджання, якая прайшла ў аўторак у абласным цэнтры, арганізатары падкрэслілі высокі ўзровень прадстаўленых на Магілёўшчыне конкурсных праектаў. У цэлым жа праведзеная работа накіравана на прыцягненне шырокай грамадскай увагі да ажыццяўлення сацыяльнай падтрымкі ў рэгіёне: умацаванню інстытута сям’і, паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі, фарміраванню ў моладзі сямейных каштоўнасцей і духоўнаму адраджэнню нацыі.