Гісторыя нашага раёна газазабеспячэння пачалася з 1966 года — з утварэння мантажна-эксплуатацыйнага ўчастка: асноўная яго дзейнасць заключалася ў мантажы газабалонных установак і дастаўцы звадкаванага газу ў балонах людзям. Потым, ужо ў 1975 годзе, быў створаны цэх звадкаванага газу Бабруйскага міжраённага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі, які і абслугоўваў Асіповіччыну.
Прыродны газ у рэгіён прыйшоў у 1987 годзе: стварылі першы газаразмеркавальны пункт, праз які той і трапляў у 800 кватэр мікрараёна. Цяпер жа Асіповіцкі раён газазабеспячэння — філіял РУП “Магілёўаблгаз” — абслугоўвае больш за 25,6 тысячы кватэр: 14.588 карыстаюцца прыродным газам, 11.040 — звадкаваным. Блакітнае паліва стала звыклым у 168 вясковых населеных пунктах, 2 пасёлках і, канечне, горадзе. Прыродны газ ужываюць 32 прамысловыя спажыўцы, 71 прадпрыемства — звадкаваны.
Працуе ў філіяле 71 чалавек, і кожная служба займаецца сваёй справай. Аварыйна-дыспетчарская, напрыклад, круглыя суткі адсочвае сітуацыю ў раёне і без прамаруджвання выязджае на заяўкі, звязаныя з работай газавага абсталявання. Слесары Аляксей Альфяровіч, Алег Лісненка, Анатоль Усніч, вадзіцелі Юрый Захаронак, Уладзімір Кашко, Мікалай Аўсянік — усе ведаюць, што гэтыя майстры сваёй справы не падвядуць.
Службу эксплуатацыі вонкавых газаправодаў узначальвае майстар Сяргей Рэмень, а бесперабойнае газазабеспячэнне і эксплуатацыю адпаведных сістэм — працягласць газаправодаў больш за 333 кіламетры — забяспечваюць такія кваліфікаваныя спецыялісты, як Аляксандр Рыцікаў, Рыгор Рачынскі і Аляксандр Мацвеёнак. Дастаўка балонаў спажыўцам — гэта ўжо прэрагатыва Івана Раманоўскага, Аляксандра Шаўчонка, Сяргея Бандарэнкі, унутрыдамавая газавая служба — Арцёма Міхайлава, Паўла Думанскага і Сяргея Багачова, за рамонтна-будаўнічыя справы адказваюць старшы майстар Канстанцін Аляшкевіч, майстар Сяргей Заяц, экскаватаршчык Дзмітрый Цалко, мантажнік Аляксандр Злобін, газаэлектразваршчыкі Андрэй Заранка і Сяргей Патупчык.
Вынік зладжанай работы за год — выкананне работ на больш чым 181 мільярд рублёў. Даходы ад рознай дзейнасці перавысілі 3 мільярды, што на 812,3 мільёна вышэй планавых; выкананне платных паслуг насельніцтву — 126,8% да ўзроўню 2012 года; эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў вышэй задання і г.д.
У горадзе будуецца жыллё — падводзіцца да яго і прыродны газ. Летась пабудавана 13,58 кіламетра газаправодаў, прычым практычна палова — уласнымі сіламі, 234 кватэры пераведзена з балоннага газу на прыродны, 249 — газіфікаваны.
Карацей, калектыў не стаіць на месцы, а пастаянна і дынамічна развіваецца. А ўпэўненая работа — заслужаныя і ўзнагароды. У мінулым годзе прадпрыемства двойчы займала другія месцы па выніках агляду-конкурсу ў спаборніцтве калег-філіялаў РУП “Магілёўаблгаз”. І патэнцыял асіповіцкіх газавікоў яшчэ далёка не вычарпаны!