Гэтага чалавека добра ведаюць не толькі жыхары пасёлка: колькі разоў выступаў Анатоль Аляксеевіч на розных сцэнах Асіповіччыны — і адзін, і з народным ансамблем народнай песні “Вечарынка” — не злічыць. Так што дарыць настрой людзям, можна сказаць, яго прафесія. На просьбу правесці завочны “майстар-клас” для чытачоў “раёнкі” адгукнуўся ахвотна. Вывучайце і прымяняйце на практыцы!
1. Заўсёды падтрымлівайце незгасальным свой унутраны агеньчык, які павінен саграваць не толькі непасрэдна вас, але і людзей, якія побач.
2. Ніколі не зацыклівайцеся на часовых цяжкасцях. Калі паверыце, што заўтра будзе лепш, то так яно абавязкова і станецца.
3. Не сядзіце дома! Пасапраўднаму можна быць шчаслівым толькі тады, калі ёсць круг аднадумцаў. Добры прыклад — удзельніцы “Вечарынкі”, якія заўсёды з задавальненнем, нягледзячы ні на якую занятасць, збіраюцца, каб прысвяціць гадзіну-другую песням. Дарэчы, сёлета ансамбль будзе святкаваць 40-гадовы юбілей. Зараз гурт аб’ядноўвае 13 чалавек, а за чатыры дзясяткі гадоў у ім удасканальвала музычныя таленты не менш за паўсотні ялізаўчан.
4. Пазітыў — у руках кожнага з нас. Трэба самому яго ствараць, як гэта робяць, напрыклад, наведвальнікі клуба пажылых людзей “Настрой”. Вечары адпачынку, якія праводзяцца штомесяц, сапраўдная падзея: тут і гутаркі спецыялістаў, і песні, і жарты, і танцы — дзе толькі сілы бяруцца!
5. Важна мець магчымасць самарэалізацыі. Цікавы шанс паспрабаваць сябе ў ролі кінаартыстаў выпаў многім пасялкоўцам мінулым летам, калі ў Ялізаве рэжысёр Андрэй Мычко здымаў лірычную камедыю “Адалень-трава”. Працягласць фільма — 78 хвілін, а яго прэм’ера адбу-дзецца ў мясцовым Доме культуры 5 красавіка ў 17 гадзін. Многія ролі побач з прафесійнымі акцёрамі выконвалі ялізаўчане. Не ўпусціце момант убачыць землякоў у мастацкай кінастужцы!
Ад рэдакцыі. Абавязкова падорыць добры настрой жыхарам пасёлка і бенефіс Анатоля Пятраева з нагоды яго 65-годдзя, які адбудзецца ў Ялізаўскім ДК 11 красавіка.