70 гадоў таму ў студзені 1943 года ў ходзе карнай аперацыі з цынічнай назвай «Франц” фашысты зверскі знішчылі жыхароў многіх нашых населеных пунктаў. Згодна з кнігай «Памяць. Асіповіцкі раён”, у агні апынуліся вёскі Асавок, Брыцалавічы, Буда, Баранцы, Бортнае, Вялікая Гарожа, , Вярбілава, Гоманаўка, Лука, Лучыцы, Макаўе, Максімаўка, Малая Гарожа, Май, Мяжное, Ражышча. Тымі сцюдзёнымі днямі, па недакладных да-дзеных, загінула каля 2 тысяч чалавек. А, можа, і значна больш…
Гэтая ж аперацыя закранула таксама тэрыторыі Пухавіцкага, Копыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў. На працягу двух месяцаў фашысты расстралялі, спалілі, павесілі каля 4,5 тысяч чалавек, вывезлі ў Германію яшчэ каля паўтары тысячы.
Усяго за час акупацыйнага рэжыму на Асіповіччыне было закатавана каля 4 тысяч мірных жыхароў, цалкам або часткова спалена каля 50 вёсак.
За гэтымі лічбамі — невыносны чалавечы боль, ад якога нельга пазбавіцца нават з гадамі, і гнеўная праўда і памяць пра ні ў чым непавінных людзей, якія заўчасна пайшлі з жыцця. Былі сярод іх малыя і старыя, вясёлыя і гаваркія, маўклівыя і пахмурныя. Словам, розныя, але паміраць не хацеў ніхто.
Iмёны многіх загінуўшых нашчадкам удалося аднавіць на мемарыяльных плітах ды манументах. А колькі яшчэ засталося безыменных! Не падымуцца з руін ніколі і такія вёскі, як Бортнае, Весялова, Май, Макаўе, Старонка. У агні згарэла 436 чалавек. Зараз на месцы былых паселішчаў узвышаюцца толькі помнікі…
На жаль, аджываюць свой век і тыя, хто яшчэ памятае дні ваеннага ліхалецця, і трэба спяшацца, каб запісаць успаміны пра самую страшную старонку іх жыцця. У гэтым накірунку многае зроблена. Паэты, пісьменнікі, журналісты, настаўнікі, мастакі, музейныя і бібліятэчныя работнікі, ды і самі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай унеслі значны ўклад у захаванне памяці пра вайну. На старонках «АК” таксама выйшла не адна сотня матэрыялаў, у якіх адлюстравана тая балючая тэма. Журналісты не аднойчы пісалі пра герояў і ахвяр вайны, пра кровапралітныя баі і «вогненныя вёскі”. Але ёсць яшчэ работа ўсім, пакуль будзе жыць на зямлі хоць адзін сведка тых жудасных падзей.
Днямі ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад ураджэнца і цяперашняга жыхара вёскі Рафалін, ветэрана арміі Уладзіміра Рачкоўскага. Ён з болем піша пра сваіх родзічаў, якіх у студзені сорак трэцяга года напаткаў жудасны лёс: 20 чалавек з прозвішчам Сухоцкі былі зажыва спалены фашыстамі ў вёсцы Асавок. Вось вытрымкі з допісу:
— Па ўспамінах камандзіра партызанскага атрада (пазней — 1-й Бабруйскай брыгады) Героя Савецкага Саюза В.Лівенцава, блакада пачалася нечакана. У адным з апошніх баёў ад партызан уцёк здраднік па прозвішчы Iваноў, які паведаміў гітлераўцам аб размяшчэнні атрада. Прыйшлося спешна пакінуць гасцінную вёску Асавок.
Гнеў фашыстаў перамясціўся на мірных жыхароў, якіх 8 студзеня сагналі ў хлеў і спалілі жывымі. Iх развітальны нечалавечы стогн чуўся ў Каменічах. З ахопленага полымем памяшкання, па шчаслівай выпадковасці, удалося выратавацца некалькім чалавекам. Хтосьці з вяскоўцаў паспеў уцячы ў лес і там схавацца. Праўда, некаторыя, вярнуўшыся праз колькі дзён у вёску, зноў нарваліся на немцаў і былі расстраляны ва ўпор. Пасляваенныя насельнікі доўга яшчэ будуць бачыць вясной акрываўлены снег на месцы расстрэлу…
Дзядзька маёй матулі быў жанаты на жанчыне з Асаўка. Уся радня жыла пад адным дахам. У той страшны дзень два браты з жонкамі завіхаліся ў двары: пілілі і складвалі дровы. Раптам з’явіліся немцы і загадалі ім рухацца разам з астатнімі сяльчанамі ў назначанае месца. Бабуля з чатырма ўнукамі сядзелі ў хаце, грэючыся на печцы. Адзін з немцаў, які першым зайшоў у хату, махнуў рукой: маўляў, сядзіце і не высоўвайцеся. I пайшоў да дзвярэй. Насустрач яму — яшчэ немец. Першы нешта яму патлумачыў, відаць, што няма тут нікога, і абодва пакінулі хату. Так бабуля з унукамі засталіся жывыя.
Калі вестка аб тым, што згарэў Асавок, прыйшла ў Рафалін, мой дзед па матулінай лініі запрог коней, папрасіў суседзяў зрабіць тое ж самае і паехаў разам з імі ў спаленую вёску па бабулю з дзецьмі. Хутка наша сям’я папоўнілася новымі жыхарамі, але старэйшая дзяўчынка доўга не пражыла. Перажыўшы моцны страх ад убачанага пажарышча і ад раптоўнай страты бацькоў, яна захварэла на лунацізм і памерла. На жаль, даўно пайшла з жыцця і бабуля. Не стала і яшчэ дваіх выратаваных дзяцей. А вось чацвёртая, Марыя Баляславаўна Фралова (Сухоцкая), 1943 года нараджэння, жыве зараз у Маскве. Аб тых жудасных днях яна гаворыць з болем у сэрцы, як і кожны, хто перажыў вайну і не далічыўся родных і блізкіх. I хто губляў іх ужо пасля вайны. Як, напрыклад, мая матуля, у якой напрыканцы саракавых снарадам разарвала 15-гадовага дваюраднага брата так, што адзін згустак крыві і застаўся на кустах…
Беларусы ў той вайне пацярпелі больш за іншых, і такіх вёсак, як Асавок, не адна сотня. У знак памяці аб спаленых пасяленнях створаны мемарыяльны комплекс Хатынь, дзе на сімвалічным дрэве жыцця ёсць галінкі і з назвамі вогненных вёсачак Асіповіччыны.
Было б справядлівым, лічыць аўтар ліста, паставіць помнік загінуўшым у вайну паселішчам, каб не згасала памяць пра іх. «Думаю, што наш гераічны раён варты такога манумента, — піша ён. — Няхай усе нашчадкі бачаць: вось вёска Брыцалавічы — амаль пяць Хатыняў, вось столькі такіх жа было ў раёне. Можна нават арганізаваць збор сродкаў на яго стварэнне — гатовы ўнесці першы ўзнос. А ў каго няма загінуўшых на вайне родных — няхай не ахвяруюць…»
Дарэчы, Уладзімір Рачкоўскі мае сярод землякоў аднадумцаў. Яшчэ напачатку 2000-х гадоў вучні Каменіцкай СШ выступалі з такой прапановай і нават зрабілі папяровы эскіз помніка. I старшыня раённага таварыства беларускай мовы Сямён Бародзіч таксама ў адным са сваіх допісаў у газету выказваўся наконт гэтага. Дык, можа, і праўда настаў час ажыццявіць задуманае? Давайце абмяркуем разам…
Ніна ВIКТОРЧЫК.