Вуліца С. С. Сумчанкі — цэнтральная ў Асіповічах. Раней яна называлася Цяплушская. Складаецца ў асноўным са шматпавярховых дамоў, хаця ў пачатку месцяцца звычайныя драўляныя пабудовы. Пражывае на ёй каля чатырох з паловай тысяч асіпаўчан. У 1957 годзе быў узведзены будынак раённага камітэта партыі. Тут знаходзяцца гасцініца, магазіны, Дамы быту (1973, 1989) «Белпрамбудбанк” (1978) і «Беларусбанк” (1998), Цэнтр культуры і іншыя адміністрацыйныя будынкі.
Па ўспамінах старшыні савета ветэранаў-медыкаў Зінаіды Канстанцінаўны Пацкевіч, іх вялікая сям’я Ананьевых жыла на тым месцы, дзе зараз стаіць Дом быту № 1. Каля яго да гэтай пары растуць дзве ліпы і бяроза, пасаджаныя імі. З ранку да вечара на вуліцы чуліся дзіцячыя галасы. Зімой з сябрамі ў якасці катка выкарыстоўвалі яму, з якой гараджане бралі гліну. Там зараз знаходзіцца райвыканкам. А ўлетку хадзілі на балота па буякі, якіх было багата якраз там, дзе сёння вадаём з фантанам. А да скульптуры «Жанчына з караваем”, што стаяла ў канцы вуліцы, насілі кветкі. Да вайны побач з іх домам было памяшканне Чырвонага Крыжа. Па Сумчанка жыло многа настаўнікаў, бо блізка стаяла школа.
У тыле ворага
Родам ён з сяла Войнаўка Александрыйскага раёна Кіраваградскай вобласці. Член ВКП(б) з 1929 г.
Закончыў царкоўна-прыходскую, пагранічную школы. З 1928 г. у Чырвонай Арміі — радавы, камандзір аддзялення, камандзір узвода, упаўнаважаны АДПУ-НКУС Кіргізскай ССР, начальнік аддзялення штаба пагранатрада НКУС БССР. У 1938 г. за ўзорнае выкананне задання на граніцы ўзнагароджаны медалём «За адвагу». З 1940 г. начальнік Слонімскага гараддзела УНКДБ.
У ліпені 1941 г. з групай чэкістаў Сяргей Сцяпанавіч Сумчанка накіроўваецца ў тыл ворага для арганізацыі партызанскага руху і дыверсій у Асіповіцкім раёне. У пасёлку Клічаў уліваецца ў групу партыйна-савецкага актыву і пачынае барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У сакавіку 1942 г. арганізоўваецца партызанскі атрад № 210, якім камандаваў М.П.Каралёў. Гэты атрад становіцца галаўным у арганізаванай ваенна-аператыўнай групе, у якой Сумчанка перыядычна выконваў абавязкі камандзіра, начальніка штаба галаўнога атрада. З лютага па красавік 1943 г. — камандзір першай Асіповіцкай партызанскай брыгады.
Распрацоўваў планы баявых аперацый, вёў разведку, кіраваў Асіповіцкім партыйна-камсамольскім падполлем і прымаў актыўны ўдзел у баявых аперацыях.
У снежні 1942 г. на чале групы партызан арганізаваў засаду каля в. Паташня. Знішчыў дзве аўтамашыны з гітлераўцамі. Падрыхтаваў дыверсійную аперацыю на чыгунцы Пухавічы-Бабруйск. 2 студзеня 1944 г. С.С.Сумчанка з невялікай групай партызан выконваў баявое заданне. Быў акружаны гітлераўцамі. У няроўным баі з карнікамі адстрэльваўся да апошняга патрона, потым узарваў сябе гранатай.
Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Пахаваны ў брацкай магіле ў скверы на вуліцы Абросімава.
Паралельна цэнтральнай знаходзіцца вуліца Рымы Кунько (былая Народная), якая па працягласці амаль удвая меншая. Пражывае тут 278 жыхароў. На будынку гарадской дзіцячай бібліятэкі вісіць мемарыяльная дошка з указаннем, у гонар каго яна названа. З яго і бярэ пачатак.
Адна з жыхарак вуліцы Ганна Галякова прапісана тут з 1979 года, а нарадзілася на Голанта. Яна лічыць, што жыць на такіх гераічных вуліцах — пачэсна. «Правільна, што мясцовыя ўлады прымаюць рашэнні аб увекавечанні памяці барацьбітоў за вызваленне ад фашыстаў. Мой бацька таксама ваяваў, багата расказваў пра тыя суровыя дні. Трэба, каб пра гэта памяталі нашы дзеці і ўнукі заўсёды. Але, на жаль, цяперашняе падрастаючае пакаленне мала што ведае пра тых, чыімі імёнамі названы вуліцы. Відаць, у школе пра гэта ім мала расказваюць”…
Імем дзяўчыны з Ліпеня
…Уперадзе яркай зоркай ззяў час доўгачаканага вызвалення, сустрэчы з воінамі роднай Савецкай Арміі. Але Рыма Кунько не дачакалася яго. У апошняй няроўнай сутычцы з адступаючымі фашыстамі варожая куля спыніла палымянае сэрца мужнай партызанкі. Гэта здарылася ў ліпені 1944 года, недалёка ад Асіповіч. І было ёй тады толькі сямнаццаць гадоў. Пахавалі дзяўчыну з партызанскімі ўшанаваннямі на старых асіповіцкіх могілках недалёка ад ракі Сіняй.
Часовы помнік заўсёды патанаў у кветках, якія так любіла збіраць маленькая Рыма на лузе каля роднай Свіслачы. Расла яна настойлівай дзяўчынкай. Сябравала з аднакласніцамі, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, любіла геаграфію. Марыла пасля заканчэння школы пайсці вучыцца ў педінстытут.
Яе маці, заслужаная настаўніца БССР Вера Маркаўна Кунько, якая памерла ў сярэдзіне 60-х гадоў, выхоўвала ў сваіх дзецях высокія патрыятычныя пачуцці.
Былыя школьныя сяброўкі Рымы Ніна і Паліна Баразна ўспаміналі пра тое, як аднойчы Рыма збегла з дому, каб змагацца разам з братамі Уладзімірам і Маркам, якія знахо-дзіліся на фінскай вайне. Але маці дагнала яе ў Оршы.
Калі родная Асіповіччына аказалася пад фашысцкім ботам, Рыма не магла змірыцца з тым, што вытвараюць на роднай зямлі акупанты. 12 чэрвеня 1942 года становіцца партызанкай атрада № 210 імя Сталіна. У партызанах былі і родныя браты.
Спачатку яе залічылі ў гаспадарчую роту, але дзяўчына ўпарта рвалася на баявыя заданні. І гэтая ўпартасць узмацнілася, калі Валодзю, адважнаму партызану, у час баявой аперацыі адарвала ногі, і ён памёр у партызанскім шпіталі.
Тады над свежай магілай разам з Маркам яна паклялася бязлітасна помсціць ворагу. Самастойна вывучала падрыўную справу і аднойчы, тайна захапіўшы ў падрыўнікоў тол, бікфордаў шнур і капсуль, самавольна пайшла на дыверсію, пакінуўшы камандзіру запіску: «Я пайшла на жалезку. У лагер не вярнуся, пакуль не падарву эшалон. Пра мяне не турбуйцеся».
Вярнулася толькі на трэція суткі. Мокрая, галодная, але вясёлая і задаволеная. Пасланая разведка пацвердзіла, што на перагоне Татарка-Асіповічы спушчаны пад адхон нямецкі ваенны цягнік. Так быў адкрыты баявы рахунак юнай партызанкі. Тады ёй было 15 гадоў.
За два гады барацьбы з ворагам Рыма здзейсніла многа баявых слаўных спраў. У перыяд «рэйкавай вайны» двойчы выходзіла на заданні…
У 1947 годзе Рыма Уладзіміраўна Кунько ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Аб кароткім палымяным жыцці дзяўчыны з Ліпеня многа напісана ў кнігах, часопісах, газетах, расказана па радыё. Яе партрэт ёсць у музеі Вялікай Айчыннай вайны.
У 1966 годзе астанкі Рымы са старых могілак перанеслі ў сквер па вуліцы Абросімава. Цяпер прах яе пакоіцца разам з другімі партызанамі: Барысам Дзмітрыевым, Сцяпанам Сумчанкам, Рыгорам Жукам і Кірылам Рубінавым. Яна самая маладзейшая з іх, але па баявых справах ім роўная.
Яшчэ адна сястра ёсць у гэтых вуліц — імя Барыса Дзмітрыева. Раней насіла назву Хвойная. Адлегласць у яе тая ж, што і ў папярэдняй, але жыхароў больш у два разы — 503. Акрамя жылых дамоў, знаходзяцца стаматалагічная паліклініка, рабочы інтэрнат, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, крама. Адметнасць у тым, што тут упершыню ў горадзе быў пабудаваны 9-павярховы дом. Часткова ў ім жывуць і тыя, хто будаваў кардонна-руберойдавы завод. Адзін з іх, Юрый Аляксеевіч Мірукоў, успамінае, як вялося будаўніцтва гэтай шматпавярхоўкі. Засяліўся ён з сям’ёй сюды ў 1981 годзе, мае 4-пакаёвую кватэру. Чацвёра ўнукаў добра ведаюць з яго расказаў, хто такі Барыс Дзмітрыеў. Вуліцай сваёю ганарыцца і лічыць самай лепшай у горадзе.
Імем хлопца з Масквы
Подзвігі Барыса Дзмітрыева ў гады вайны здзіўлялі партызан і наводзілі страх на акупантаў.
У першы год вайны ён вучыўся ў 10 класе ў Маскве і працаваў грузчыкам на заводзе, аднак юнака не пакідала думка трапіць на фронт. У пачатку 1942 года здарылася няшчасце — на рабоце зламаў нагу. Калі акрыяў, хацеў пайсці на фронт, але медыцынская камісія не прапусціла. Тады ён прыйшоў у райкам камсамола і папрасіўся паслаць на фронт добраахвотнікам. Просьбу задаволілі.
Група падрыўнікоў, у якой быў Дзмітрыеў, у пачатку вясны трапіла ў Асіповіцкі раён у партызанскі атрад № 210. Затым Барыс перавёўся ў 211-ы для арганізацыі дыверсійнай работы.
Дзейнічаў ён заўсёды хутка, рашуча. Вёў разведку, распаўсюджваў падпольную партызанскую газету, збіраў сродкі сярод насельніцтва для стварэння танкавай калоны. Асабліва многа сіл і энергіі прыкладаў Дзмітрыеў падрыхтоўцы да «рэйкавай вайны”. Вучыў камсамольцаў і моладзь падрыўной справе. Адным з яго блізкіх і актыўных памочнікаў стала Рыма Кунько. Міны Дзмітрыева ніколі не «ржавелі”. На іх падарвалася 18 варожых
эшалонаў, 19 паравозаў, 126 вагонаў, 72 платформы, 22 аўтамашыны, 2 танкі, 11 гармат. Ад іх загінула больш за 1,5 тысячы фашысцкіх салдат і афіцэраў, згарэла 154 тоны гаручага і ўзляцела ў паветра тры чыгуначныя і 20 шасэйных мастоў.
У лютым 1944 года атрад войскаў СС падышоў у раён вёскі Каменічы, каб разграміць гэты апорны пункт партызан. Храбра змагаліся народныя мсціўцы. Пасля смерці палітрука Рыгора Трубіцына Барыс прыняў камандаванне на сябе. Ён загадаў партызанам адыходзіць праз поле да лесу. Але 11 чалавек так і засталося навечна ляжаць на зямлі, у тым ліку і сам Барыс. Варожая куля абарвала маладое жыццё адважнага масквіча ва ўзросце 20 гадоў. Каменіцкія школьнікі і настаўнікі паставілі на месцы гібелі мемарыяльную пліту.
Ён навечна застаўся прапісаны ў нашым горадзе. Акрамя названай у яго гонар вуліцы, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР імя Героя Савецкага Саюза прысвоена СШ № 1.
Сярод 26 гарадскіх завулкаў адзін носіць імя Кіржыманава. Ён невялікі, гэта — сусед вуліцы Ганны Коваль. Абодва знаходзяцца непадалёк ад Інтэрнацыянальнай. Як свярджаюць старажылы, раней насіў назву Цагельны. Стаіць на ім усяго 5 хат. На жаль, мемарыяльнай дошкі, якая б сведчыла аб тым, у гонар каго ён названы, няма, таму хто такі Кіржыманаў мала хто ведае нават з жыхароў завулка.
Свой сярод чужынцаў
Уладзімір Іванавіч Кіржыманаў — наш зямляк. Нарадзіўся ў Асіповічах у 1913 годзе. Вучыўся ў чыгуначнай школе № 36. Закончыў Харкаўскі медынстытут па спецыяльнасці оталарынголага, працаваў у Асіповічах у чыгуначнай бальніцы па спецыяльнасці, у перыяд акупацыі выконваў абавязкі санурача.
У лістападзе 1941 г. уступіў у падпольную групу, быў адным з яе актыўных удзельнікаў у барацьбе з акупантамі.
Звязаўся з партызанскім атрадам 752 Лівенцава, у жніўні 1942 г. — атрадам Шашуры, у далейшым — брыгадай 161 імя Катоўскага, у ліпені 1943 г. — з партызанскім атрадам 214 Падгайнага, які ўваходзіў у Асіповіцкую ваенна-аператыўную групу.
Выкарыстоўваючы веданне нямецкай мовы, Кіржыманаў увайшоў у давер акупантаў, стаў «сваім” чалавекам сярод гітлераўскіх афіцэраў. Гэта ў значнай меры дапамагло збіраць так неабходную каштоўную інфармацыю ваеннага характару. Не затрымліваючы, тут жа перадаваў здабытыя весткі партызанам.
Маючы доступ у медыцынскія ўстановы воінскіх часцей ворага, забяспечваў народных мсціўцаў медыкаментамі, перавязачным матэрыялам. Асабіста наведваў партызанскія атрады. Каб не дапусціць угон людзей у Германію, выдаваў ім даведкі «аб хваробе”.
Работа ў такіх умовах патрабавала надзвычайнай асцярожнасці, канспірацыі. Забяспечыць усё гэта, як належыць, Кіржыманаў не мог. Трапіў пад падазрэнне нямецкай контрразведкі. За ім пачалі сачыць.
У верасні 1943 г. у час выхаду на сустрэчу з партызанамі ў раёне в. Замошша быў схоплены гітлераўцамі і расстраляны.