Ураджай-2018
Без перапынку на выхадныя ідзе сяўба яравых культур на палях раёна. У агульным на ўчарашнюю раніцу пасеяна 55% ад запланаваных плошчаў — 6667 гектараў. Асіповіцкія аграрыі ўжо цалкам справіліся з раннімі яравымі культурамі і цукровымі буракамі — салодкія караняплоды сёлета занялі 945 га. У разрэзе гаспадарак сяўба выглядае наступным чынам: філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — 66%, ААТ “ЖорнаўкаАГРА” — 63, “Лапічы” — 56, “Авангард-Ніва” — 55, у астатніх — менш за палову. Відавочна, што ўсім гаспадаркам неабходна павялічыць тэмпы работ, уключыўшы ўсе рэзервы. Асабліва гэта тычыцца ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”, дзе сеялка пабывала толькі на 39% адведзеных пад вясновую сяўбу палёў.
Культура № 1 на гэтым тыдні — кукуруза. Яна павінна заняць немалыя на-дзелы ва ўсіх гаспадарках, аднак пакуль да “царыцы палёў” прыступілі толькі філіял “Белшына-агра” і ААТ “Авангард-Ніва”. У першай у заліку 521 га — 47%, у другой 134 — пятая частка.
Калі яшчэ зусім нядаўна агранамічныя службы сельгаспрадпрыемстваў у значнай ступені хвалявала праблема з вільготнымі ўчасткамі на палях, то зараз адсутнасць ападкаў можа неспрыяльна паўплываць на развіццё раслін. Надвор’е, як заўсёды, уносіць свае карэктывы ў планы паляводаў.