У розных кутках краіны рэгулярна праходзяць цікавыя фэсты і святы: знакамітыя музычныя і тэатральныя форумы, фестывалі народнай культуры, старажытных рамёстваў і нацыянальнай кухні, велікасвецкія балі, рыцарскія турніры і рэканструкцыі эпохі Сярэдневякоўя, незвычайныя экалагічныя святы. Асіповіччына таксама мела адпаведны брэнд — “Веснавыя колеры”. Свята крочыла па нашай зямлі 25 гадоў, ператварыўшыся з раённага ў абласное. Але прыйшоў час назапашаны вопыт пусціць у іншае рэчышча і з такога магутнага вытока даць выйсце новаму фестывалю — фальклорнаму. Ён атрымаў назву “Вытокі”, арганізатар — аддзел народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Цэнтралізаванай клубнай сістэмы, на чые плечы лягла і рэжысёрска-пастановачная работа.
— Хацелася, каб свята атрымалася маляўнічым, каларытным, напоўненым сапраўднай атмасферай народнасці, — гаворыць дырэктар ЦКС Алена Загароўская. — Амаль пры кожнай установе культуры існуюць калектывы мастацкай самадзейнасці. Многія з іх даўно займаюцца адраджэннем беларускай народнай культуры, прапагандуюць яе, далучаюць да гісторыка-культурнай спадчыны падрастаючае пакаленне. I каб не згубіць напрацаванае за гады, аб’яднаць у адно цэлае, пашырыць творчыя межы, паспрабавалі стварыць падобны праект. Ажыццявіць яго ўдалося дзякуючы ўстановам культуры, якія адказна аднесліся да вывучэння традыцый канкрэтнай мясцовасці, вызначыліся з жанрамі, рэпертуарам. Калі сёння зможам захаваць гэты бясцэнны народны скарб у выглядзе песень, прыпевак, абрадаў, казак, легенд, традыцыйных найгрышаў, бытавых танцаў і перадаць яго ў надзейныя рукі нашчадкам, значыць, не згіне абрадавая спадчына нашых продкаў, а разам з ёй — повязь пакаленняў.
Спадзяванні арганізатараў спраўдзіліся, мерапрыемства прынесла асалоду ўсім аматарам народнай творчасці, якія завіталі сонечным суботнім днём у раённы Цэнтр культуры. На вуліцы іх ветліва сустракалі мясцовыя рамеснікі, работы якіх радавалі вока і выклікалі гонар за ўмельцаў. Тут жа можна было паслухаць аўтэнтычныя спевы носьбітак і прадаўжальніц традыцый народнай песні.
Гала-канцэрт жа пачаўся з харэаграфічнай замалёўкі “Кола святаў” у выкананні танцавальнага калектыву “Серпанцін” ДШМ №1. Затым на сцэну выходзілі калектывы ўстаноў культуры, якія сталі фіналістамі фестывалю. Яны дэманстравалі гледачам фрагменты свят і абрадаў, расказалі легенду ці паданне, паказалі майстэрства ігры на беларускіх музычных інструментах — кожнаму было чым здзівіць! Пакуль журы падводзіла вынікі — у яго склад увайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец, магістр педагогікі Аксана Катовіч, даследчыкі традыцыйнай музычнай і духоўнай культуры беларусаў, кандыдаты філалагічных і мастацказнаўчых навук Янка Крук і Настасся Даніловіч і салістка ансамбля “Бяседа ” Юлія Захарава, — госці з Любаншчыны і сталіцы дзяліліся сваім песенным скарбам.
Па выніках II этапу фестывалю дыпломы “За захаванне і папулярызацыю народных традыцый” атрымалі народныя калектывы з Краснага, Дрычына, Свіслачы, Савецкага, Лапічаў, Дражні, а таксама цымбальны аркестр РЦКіА. У намінацыі “саліст-музыка” на вышэйшую прыступку ўзняліся Сцяпан Саханчук і Мікалай Забаўскі. Лепшымі казачнікамі прызнаны Карына Малчанава і Раіса Леўлюх. У вакальным майстэрстве дыпламанткамі сталі Ніна Міхадзюк, Алена Белахвост, Алена Кавалевіч, Марыя Міхадзюк, Антаніна Ланшчакова, Алена Мішур. У абрадавым фальклоры 3 месца дасталося “Дзівакам”, другое — “Сузор’ю”, першае — артыстам з “Вязанкі”. Дыпломы за шанаванне рэгіянальных абрадаў атрымалі “Вечарынка” і “Журавушка”, за яскравае ўвасабленне абрадаў — “Люлечка” і “Надзея”, захаванне традыцый валачобніцтва — “Сваякі”. Гран-пры фестывалю апынулася ў руках “Вяселля”.
Адбылося і ўзнагаро-джанне пераможцаў абласных фестываляў і конкурсаў “Скарбніца Прыдняпроўя” і “Свет формы і колеру”. Дыпломы розных вартасцей тут атрымалі “Вяселле”, Раіса Леўлюх, Ніна Міхадзюк і Марыя Дзямянік, Вольга Наўдзюнас, Валянціна Прасаловіч, Iрына Забаўская.
Ніна ВIКТОРЧЫК.
Фота аўтара.