Калядны тыдзень заўсёды дорыць многа прыемных момантаў — сустрэчы, падарункі, новыя планы. Для шматдзетнай сям’і Крыловых з Асіповічаў ён стаў адметным у тым ліку і візітам у рамках акцыі “Прафсаюзы — дзецям” старшыні райаб’яднання прафсаюзаў Алены Паргачовай. Мэтай сустрэчы было не толькі бліжэй пазнаёміцца з сям’ёю, але і ўручыць дзецям падарункі.
Тэм для размоў знайшлося нямала. Матуля Рэгіна Уладзіміраўна сама асіпаўчанка. Ужо больш за два дзясяткі гадоў працуе ў дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, раней была тэлефаністам, з нядаўняга часу — тэлеграфіст. З’яўляецца членам галіновага прафсаюза.
Як падзялілася зямлячка, яе жыццё багата на яркія падзеі. Гэта, безумоўна, нараджэнне чатырох дачушак, а потым і чаканне ўсёй сям’ёй маленькага Івана, якому зараз ужо 3 гадкі, наваселле ў кватэры на “Чарняхоўцы”. Назаўсёды запомніўся і дзень 4 сакавіка 2016 года, калі Рэгіна Уладзіміраўна атрымала з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ордэн Маці.
— З нашага дома не сыходзіць дзяцінства, — дзеліцца-разважае матуля. — І гэта вялікае шчасце. Старэйшая Вольга завяршае вучобу ў педагагічным універсітэце, Юлія ўжо атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю і працуе, Каця вучыцца ў выпускным класе маёй роднай СШ № 2, а Анюта — у першым. Так што кожная гадзіна напоўнена самымі рознымі клопатамі.
Ёсць у сям’і Крыловых і свая навагодняя традыцыя — гуртам ляпіць пельмені. Апошнім разам, напрыклад, “сышло з канвеера” аж 400 штук. І пачаставаліся, і запас атрымаўся добры — хапіла б нават Дзеду Марозу!
— А ўвогуле сакрэт шчаслівага не толькі навагодняга свята, але і любога дня — у клопаце аднаго аб другім, — перакананы бацькі. — Калі сям’я вялікая, то ўвагі і цеплыні на кожнага атрымліваецца значна больш.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.
***
Напярэдадні Новага года працаўнікі клуба 465 ракетнай брыгады Святлана Папкоўская, Наталля Дранку і капітан Юрый Шкуратаў стварылі казачную зімовую атмасферу на навагоднім ранішніку для дзяцей ваеннага гарадка Цэль, суседніх населеных пунктаў, шматдзетных сем’яў. Тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза і Снягурачкі паказалі ўдзельнікі калектыву Лапіцкага сельскага клуба і ваеннаслужачыя 465 рбр. Дзеці з хваляваннем чыталі вершы, спявалі, танцавалі, за што, канечне, атрымлівалі падарункі ад казачнага Дзядулі.
А ў першыя студзеньскія дні прадстаўнікі брыгады і ГА “БРСМ” у рамках дабрачынных акцый “Нашы дзеці” і “Цуды на Каляды” наведалі дзіцячы сацыяльны прытулак. Намеснік камандзіра часці па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Аляксандр Аўдзей ад імя асабовага складу павіншаваў рабят са святамі і ўручыў падарункі. Выхаванцы таксама падрыхтаваліся да сустрэчы: выдатна выступілі з навагоднімі вершамі, песнямі і, натуральна, карагодам вакол ёлачкі.
Анжэла ДАНІЛЮК.
***
За некалькі дзён да ўсімі любімага зімовага свята ў Ясенскі прытулак завіталі прадстаўнікі 1405 артылерыйскай базы боепрыпасаў, што ў Вялікай Гарожы. Тэатралізаванае прадстаўленне ў рамках акцыі “Нашы дзеці” з удзелам Дзеда Мароза (маёр Аляксандр Клімовіч), Снягуркі (тэхнік па ўліку аддзела МТЗ Анжаліка Жывіца) і Бабы Ягі (справавод сакрэтнай часці Алена Скобіч) выклікала сапраўднае захапленне маленькіх насельнікаў інтэрната. Карагоды, песні, танцы — настрой быў выдатны. А замацавалі яго падарункі і яркія паветраныя шары.
У гэты ж дзень віталі хлопчыкаў і дзяўчынак і непасрэдна ў часці: тут віншавалі ўжо дзяцей ваеннаслужачых і грамадзянскага персаналу 1405 абб, а таксама тых, хто жыве побач. Яшчэ без чвэрці сотні малых удалося падарыць зімовае свята.
* * *
Бабруйскі дзіцячы дом наведалі ваеннаслужачыя 1562 тэхнічнай ракетнай базы з Лапічаў. Як адзначыў камандзір часці падпалкоўнік Аляксандр Пазднякоў, ужо трэці год запар прадстаўнікі базы наведваюць дзіцячую ўстанову і аказваюць пасільную дапамогу. На гэты раз ваеннаслужачыя падарылі дзіцячаму дому заўжды неабходную бытавую тэхніку, а хлопчыкі і дзяўчынкі, зразумела, атрымалі салодкія прысмакі.
* * *
Штогод прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі і часці паўднёвага ваеннага гарадка ў Асіповічах. Напрыклад, прадстаўнікі 51 гвардзейскай артылерыйскай брыгады зазірнулі на ранішнік у падшэфны раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання. Афіцэры актыўна паўдзельнічалі ў святкаванні і ўручылі дзеткам падарункі. А яшчэ ў пераднавагоднія дні да сыночкаў і дачушак ваеннаслужачых часці традыцыйна зазірнулі Дзед Мароз і Снягурка — прынеслі свята кожнаму персанальна.
Ваеннаслужачыя 336 рэактыўнай артбрыгады трапілі аж на другі бок вобласці — у Хоцімскі і Касцюковіцкі раёны. Менавіта там знаходзяцца падшэфныя нашым рэактыўшчыкам дамы сямейнага тыпу, куды з віншаваннямі і падарункамі яны і завіталі. Не абмінула акцыя “Нашы дзеці” і вучняў Дараганаўскай школы: дзесяці самым лепшым афіцэры таксама ўручылі падарункі з пажаданнямі далейшых поспехаў у вучобе.
***
Чырвоныя рукавічкі — пазнавальны сімвал традыцыйнай дабрачыннай акцыі БРСМ “Цуды на Каляды”.
Мерапрыемствы праекта праходзяць у перыяд навагодніх і калядных свят. Натуральна, далучыліся да іх і актывісты Асіповіччыны. На працягу акцыі моладзь наведала ў горадзе і раёне каля паўтара дзясятка сямей, якім патрэбна падтрымка. Хлопчыкаў і дзяўчынак разам з віншаваннямі і пажаданнямі парадавалі цацкамі, канцылярскімі таварамі, салодкімі ласункамі.
Акрамя таго, актывісты БРСМ днямі завіталі да маленькіх часовых насельнікаў дзіцячага аддзялення райбальніцы і прывялі з сабой Дзеда Мароза і Снягурачку. Канечне, бальніца не тое месца, дзе хочацца ўсміхацца, але казачныя госці ўсё ж змаглі развесяліць малых і разам з імі зрабіць яшчэ адзін крок да выздараўлення. Нездарма ж кажуць, што добры настрой лечыць!
Падрыхтавала Марыя ТАЛЕЙКА.