У народзе кажуць, што калі падчас якой-небудзь падзеі ідзе дождж — гэта вельмі добра. Менавіта такое надвор’е было і ў суботу, калі па ўсёй краіне ваеннаслужачыя нашай арміі прымалі прысягу на вернасць Радзіме.
Пачалася дзея а палове адзінаццатай раніцы. І хоць скрозь туман здалі было цяжка кагосьці разгледзець, але матулі, таты, сваякі і сябры знаходзілі, дзе стаіць іх салдацік. На гэты раз у паўднёвым ваенным гарадку знаходзіліся прадстаўнікі ўжо трох воінскіх злучэнняў: да навабранцаў 51 гвардзейскай артылерыйскай і 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгад далучыліся і тыя, хто будзе праходзіць службу ў 1405 артылерыйскай базе боепрыпасаў у Вялікай Гарожы. Усяго ў нас прынялі прысягу больш за 140 маладых людзей.
Віншаванні з самай важнай падзеяй навабранцы атрымалі не толькі ад сваіх камандзіраў палкоўнікаў Аляксандра Цішкевіча (336 рэабр), Пятра Лішко (1405 абб) і начальніка штаба — першага намесніка камандзіра 51 артбрыгады гвардыі палкоўніка Аляксея Ратушнага, але і ад начальніка ракетных войск і артылерыі Узброеных Сіл краіны генерал-маёра Генадзя Казлоўскага. Таксама з пажаданнямі добрай службы да салдат звярнуліся намеснік начальніка аддзела ідэа-лагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Петух, настаяцель Крыжа-Уздзвіжанскага храма протаіерэй Аляксандр Кісялёў, воін-інтэрнацыяналіст, ветэран 51 гвардзейскай артдывізіі Юрый Шыкаў. А ад імя ўсіх матуль навабранцаў выказалася Святлана Севасцьянава.
Пазнаёмілі гасцей ваеннага гарадка і з тэхнікай і ўзбраеннем, з якім так ці інакш прыйдзецца сутыкнуцца пачынаючым салдатам падчас службы. На працягу цырымоніі ўсё стаяла на плацы, і, пакуль хлопцы атрымоўвалі першыя запіскі аб звальненні, разгледзець баявыя машыны маглі ўсе жадаючыя.
Марыя ТАЛЕЙКА.
Фота аўтара.