Навагодняя акцыя раённай газеты, якая дазваляе павіншаваць родных, блізкіх ці знаёмых з надыходзячым святам, ужо палюбілася многім землякам. “АК” з задавальненнем працягвае традыцыю і напярэдадні 2018-га.
Ганна Булавацкая:
— Віншую дарагую бабулю Рымашэўскую Ганну Рыгораўну і ўсю нашу сям’ю Рымашэўскіх-Булавацкіх. Самае галоўнае, канечне, здароўе — няхай яго будзе як мага больш. Не пашкодзіць і ўдача. А ўвогуле добра, каб новы год прынёс шмат светлых імгненняў!
Людміла Аляксееўна Лебядок і Галіна Глушакова:
— Прыехала ў Асіповічы з Магілёва ў госці да сынавай сям’і. У абласным цэнтры шмат снегу, а ў вас тут няма, вось і жадаю, каб Дзядуля Мароз засыпаў асіповіц-кія наваколлі! Якое ж свята без сумётаў?
— У гэтыя перадсвяточныя дні разам з дачушкай Палінкаю жадаем родным і знаёмым, каб наступны год быў для ўсіх шчаслівым! Ну а шчасце ў кожнага сваё.
Валерый Грынько:
— Вітаю дарагіх унукаў Сашку, Лёшку, Жэньку і ўнучку Вераніку. Усяго вам толькі добрага, узаемаразумення ў сем’ях, шчасця, каб адзін аднаго паважалі і любілі. Няхай у жыцці ўсё атрымліваецца, а новы год прынясе новыя поспехі!
Ніна Яблонская:
— Як старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” Жорнаўскай школы, віншую ўсіх працаўнікоў сістэмы адукацыі раёна, райкам прафсаюза з надыходзячымі святамі. Цікавых падзей, крэатыўных ідэй, новых перамог у 2018-м! Асаблівае прывітанне і віншаванне сям’і Сакалоўскіх з Ялізава. Усім асіпаўчанам — міру, дабра і працвітання!
Анатоль Скемскі:
— З надыходзячым святам жонку Таццяну Віктараўну, сына Артура, дачку Дар’ю, матулю Алену Іосіфаўну. Жадаю ніколі не сумаваць, верыць толькі ў лепшае. І каб Дзед Мароз не падвёў, а спраўна выконваў задуманае!
Ягор Стром і Юра Волкаў:
— Віншую бабулю Стром Валянціну Віктараўну. Моцнага ёй здароўя, каб ладзіліся ўсе справы, а галоўнае — паслухмяных унукаў. Пастараемся не засмучаць!
— Хочацца найперш павіншаваць маму Ларысу Іванаўну, пажадаць ёй поспехаў ва ўсіх яе важных справах. Сястры Ліліі зычу паспяхова завяршыць вучобу і добра працаўладкавацца. Тату Дзмітрыю Анатольевічу — каб і надалей добра дапамагаў нашым бабулям.
Алена Ляшкевіч:
Па жыцці карыстаюся ў якасці дэвіза вядомым выказваннем: “Рабі сёння тое, што іншыя не хочуць — заўтра будзеш жыць так, як іншыя не могуць”. Якім будзе наступны год, залежыць ад кожнага з нас. Так што ўсім жыхарам раёна — смелых планаў, светлых надзей і энергіі для іх ажыццяўлення!