Калі правесці эксперымент, ці дабярэцца чалавек да месца работы з закрытымі вачамі, то ветэран працы ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” Антаніна Горная пэўна была б пераможцай. I не толькі таму, што роднае прадпрыемства знаходзіцца непадалёку ад дома, а больш з тае прычыны, што гэтай дарогай хадзіла 40 гадоў, у любы час сутак. I шлях быў адзіны на ўсё працоўнае жыццё. Часам да матулі далучалася і дачка Вольга, сённяшні загадчык вытворчай лабараторыі. Між іншым, мама некалі яе папярэджвала далей трымацца ад цеста, бо ведала незвычайную яго ўласцівасць: калі трапляе ў рукі, проста так не адпускае.
Сустрэцца з гэтымі абаяльнымі жанчынамі атрымалася дома ў Антаніны Рыгораўны. Разам і паспрабавалі высветліць, якім чынам бацькамі абраная прафесія становіцца арыенцірам і для дзяцей.
А пачатак быў такім
Не думала выпускніца Маладзечанскага політэхнічнага тэхнікума Антаніна, што Асіповічы, куды трапіла па размеркаванні, стануць роднымі. Першае ўражанне было, мякка кажучы, не вельмі. У параўнанні з Маладзечна наш райцэнтр выглядаў шэрым і нецікавым. А тут яшчэ пакуль дайшла да завода па неасфальтаваных вуліцах, усе туфлі на абцасах былі ў пяску. Наступны ўдар — драўляная прахадная прадпрыемства ды непрыглядны аднапавярховы будынак самой вытворчасці. Карацей, заставалася толькі стрымліваць слёзы ды цешыць думку як найхутчэй адсюль з’ехаць. Аднак перамянілася ўсё хутка. Добразычлівыя адносіны калектыву далі магчымасць адчуць перспектывы знаходжання і на гэтым заводзе, і ў горадзе.
Аб карыснасці памылак
Хібаў, канечне, лепш не рабіць ні ў жыцці, ні на рабоце, аднак бывае, што яны прыносяць вялікую карысць. Да сённяшняга дня Антаніна Рыгораўна памятае адзін выпадак, які адбыўся на самым пачатку яе працоўнай біяграфіі. Неяк здарылася, што яна забыла, робячы закладку, дабавіць у замес такі важны інгрэдыент, як цукар. Выявілася гэта хутка: булкі пры выпечцы мелі бледны колер. Менавіта цукар спрыяе прыгожай скарынцы. Выправіць сітуацыю было нельга, а аб’ём прадукцыі немалы. Нервовае ўзрушэнне для пачынаючага тэхнолага было яшчэ тое! Усю партыю адправілі на перапрацоўку, выдаткі спаганяць з маладога спецыяліста не сталі, а Антаніна з тае пары заўсёды спрабавала цеста на смак і памятала, наколькі важна быць уважлівай пры выкананні тэхналагічных працэсаў. Хто ведае, мажліва, менавіта гэтае здарэнне і стала закваскай для высокага прафесіяналізму.
Чароўнае месца — лабараторыя
Для Вольгі пабываць на заводзе заўсёды было цікава. Канечне, лішні раз мама старалася не браць яе на работу — усё ж такі вытворчасць, але часам даводзілася. Ну а асабліва прыцягальным месцам здавалася лабараторыя. Як зараз памятае тое захапленне, якое выклікалі розныя шклянкі-прабіркі. I не існавала справы больш інтрыгуючай, чым назіраць за выкананнем аналізаў. Потым, калі Вольга стала навучэнкай таго ж тэхнікума, дзе некалі вучылася і матуля, многія зайздросцілі яе глыбокаму ўсведамленню працэсу. А што тут было разумець, калі гэта ўсё знаёма яшчэ з дзяцінства? Атрымаўшы прафесію тэхніка-тэхнолага хлебапякарнай, макароннай і кандытарскай вытворчасці, вярнулася на завод у якасці дыпламаванага спецыяліста. Потым атрымала і вышэйшую адукацыю.
Калі працуеш побач з матуляй
Такія абставіны маюць свае нюансы. З аднаго боку, гэта добра, што ёсць побліз чалавек, які заўсёды дапаможа, падкажа, а калі трэба, то і пашкадуе. Але, што тут хаваць, да свайго дзіцяці заўсёды вышэйшыя патрабаванні: хочацца, каб у прафесійнай справе было больш поспехаў, а за працоўную рэпутацыю нашчадка хвалюешся сур’ёзней, чым за сваю асабістую. Таму нярэдка ўшчуванні перавагаюць над пахвальбою. Але ж трэба правільна разумець, што ляжыць у аснове.
Як падзялілася Антаніна Рыгораўна, ёй здаецца, што і зараз працуе на прадпрыемстве, бо завадскія справы заўсёды застаюцца прадметам размоў з дачкою. А парады матулі і сёння дзейсныя. Здагадайцеся, калі Антаніна Рыгораўна з Вольгаю бываюць у прадуктовых магазінах іншых гарадоў, куды яны, не згаворваючыся, накіроўваюцца ў першую чаргу? Правільна, да хлебных паліц, каб разам рознабакова ацаніць прапанову.
Вытворчасць учора і сёння
На хлебазаводзе работа ніколі лёгкай не была. Тым не менш Антаніна Рыгораўна згодна, што зараз працаваць больш складана, нягледзячы на тое, што многія працэсы становяцца аўтаматызаванымі. На чым грунтуецца такое меркаванне? Раней, па-першае, не было такой канкурэнцыі. Выпускаеш якасную прадукцыю і не хвалюешся, што пакупнік аддасць перавагу іншай. Цяпер жа ў землякоў вялікі выбар, трэба, каб булкі-батоны яшчэ мелі і сваю “цікавостку”. Ды і, згадзіцеся, сам хлеб як прадукт харчавання мае не такое значэнне, як у былыя часы, што, прынамсі, сведчыць аб павышэнні дабрабыту насельніцтва. А вось наконт усялякіх прафесійных конкурсаў думка адназначная: калісьці яны былі больш карыснымі і практычна накіраванымі. Цяпер жа ператварыліся пераважна ў шоу. Што ж, час выстаўляе свае патрабаванні.
Адкрытасць для людзей
Ёсць у маці і дачкі шмат агульнага і ў рысах характару. Вось хаця б узяць актыўнасць ды адкрытасць для людзей. Многія ведаюць, што, звярнуўшыся да Антаніны Рыгораўны Горнай ці Вольгі Барысаўны Мароз, заўсёды атрымаеш падтрымку. Нездарма першая зараз узначальвае ветэранскую арганізацыю прадпрыемства, якая налічвае 57 чалавек, а другая ўжо на працягу дзясятка гадоў выконвае функцыі кіраўніка прафсаюзнай “пярвічкі” завода.
А яшчэ абедзве маюць агульнае перакананне: не лёс кіруе чалавекам, а чалавек — лёсам. I шчасце, калі ён асаблівы, з водарам хлеба.