Выдатна паказалі сябе асіповіцкія танцоры на міжнародным харэаграфічным конкурсе “Феерыя танца”, які нядаўна праходзіў у сталіцы краіны і сабраў больш за сотню творчых калектываў і сольных выканаўцаў.
У танцавальным спаборніцтве народны ансамбль эстраднага танца “Капрыз” раённага Цэнтра культуры і адпачынку (кіраўнік — Крысціна Камнева) у намінацыі “эстрадная харэаграфія” ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў заняў II месца, а 11-13-гадовыя рабяты атрымалі Дыплом І ступені ў “вулічных напрамках”. Узорны ансамбль танца “Асарці” (Яўгенія Строк) названай установы культуры ўзнагароджаны Дыпломам І ступені ў “стылізацыі народнага танца”.
Захапленне гледачоў і журы конкурсу выклікала і выкананне народна-сцэнічных танцаў хлопчыкамі і дзяўчынкамі з узорнага харэаграфічнага ансамбля “Крынічка” дзіцячай школы мастацтваў № 1, з якім працуе Марыя Шабуневіч: рабяты другой (8-10 гадоў) і трэцяй (11-13) узроставых груп прывезлі Дыпломы І ступені.