У лічбах
Па звестках на ўчарашнюю раніцу, на Асіповіччыне ўбрана 85% ніў. Агульны намалот складае 21206 тон, сярэдняя ўраджайнасць — 29,5 ц/га.
Гаспадаркі маюць наступныя здабыткі з гектара: філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — 43,1 цэнтнера; ААТ “Лапічы” — 32,6; ААТ “ЖорнаўкаАГРА” — 30,9; ААТ “Авангард-Ніва” — 28,1; ААТ “Асіповічыагра-прамтэхзабеспячэнне” — 26,9; ААТ “Каменічы” — 24,2; ААТ “Ясень-АГРА” — 21,7; ААТ “Заходні-Агра” — 21,2; ААТ “Бярэзіна-Агра-Люкс” — 19,4 цэнтнера.
і меркаваннях хлебаробаў
Валерый Навумовіч, механізатар ААТ “Заходні-Агра”:
— Нягледзячы на тое, што ў час жніва значна ўзрастае працоўная нагрузка, пару гэтую люблю. Што ні кажы, а некалі выхавалі нас з вялікай павагай да хлеба. Кожны сезон мае свае асаблівасці. Сёлетняя ўборка запомніцца добрым надвор’ем. Зерне сухое, не трэба перарываць працоўную змену на камбайне. Бо калі ідуць дажджы, здорава выбіваешся з графіка, ды і настрой ужо не той.
Не магу сказаць, што нейкае поле не падабаецца, а вось найбольшае задавальненне даставіла праца на палетках трыцікале каля Каўгароў і на аўсе побліз Майсеевічаў. Усяго ў нас на нівах працуюць 4 камбайны. За выхадныя, мяркую, скончым уборку.