8 ліпеня, здаецца, сама нябесная канцылярыя стамілася паліваць дажджом зямлю і падаравала ўсім, хто сабраўся ў цені разгалістых дрэў, сонечнае цяпло са светлым, узвышаным настроем. Ля мемарыяльнага знака на месцы былога маёнтка Магдалены Радзівіл з рода Завіша ў вёсцы Дуброва з падачы гісторыка-краязнаўчага музея і яго дырэктара Антаніны Сцяпанавай распачаліся першыя Магдаленаўскія чытанні, прысвечаныя 156-годдзю з дня нараджэння мецэнаткі.
Гэтая значная падзея ў культурным жыцці Асіповіччыны з’яднала тых, хто неабыякавы да сваёй гісторыі, памятае продкаў ды іх высакародныя ўчынкі, актыўна спрыяе культурнаму адраджэнню Бацькаўшчыны. Сярод іх былі намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна, старшыня Лапіцкага сельскага Савета Аляксандр Гарадзілаў і другія.
Навокал панавала ўрачыстая, але вельмі ўтульная атмасфера. Пэўна, як і шмат дзесяцігоддзяў таму, калі Магдалена Iванаўна, улюбёная ў гэтыя мясціны, шчыра запрашала ў дубровенскі “белы дом” — тагачасны цэнтр беларускага асветніцтва і адраджэння — сяброў і прымала ў сябе тых, хто рабіў першыя крокі ў мастацтве слова.
— Вельмі прыемна, што сёння мы сабраліся разам, каб успомніць асобныя старонкі нашай гісторыі, аддаць даніну памяці Магдалене Радзівіл — жанчыне, якая прыклала значныя намаганні, каб беларуская культурная спадчына была знакавай. Верыцца, што Магдаленаўскія чытанні стануць нашай чарговай традыцыяй. Са свайго боку мы прыкладзем усе сілы для таго, каб у наступны раз значна пашырыць праграму чытанняў і зрабіць месца іх правядзення больш прывабным, — адзначыла на адкрыцці Ганна Землянухіна.
I наступіў час паэзіі. Перамяжоўваючыся з песнямі і танцамі ў выкананні народнага ансамбля песні і музыкі “Сузор’е” Пратасевіцкага СДК, словы ўсёабдымнай любові да Радзімы прагучалі з вуснаў члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Лёлі Багдановіч і Заслужанага работніка культуры Анатоля Тамашэўскага (на здымку), паэтак Соф’і Мароз, Ганны Шарамет, Ксеніі Шаржановіч.
Але не толькі вершаванае слова было ў цэнтры ўвагі. Пісьменнік, журналіст, кнігавыдавец, краязнаўца Віктар Хурсік пазнаёміў прысутных з жыццёвым шляхам мецэнаткі, а прадстаўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі, акрамя выставы, прысвечанай творцам Асіповіччыны і непасрэдна пані Магдалене, прапанавалі публіцы міні-пастаноўку паводле кнігі Віктара Уладзіміравіча “Белы лебедзь у промнях славы” — першага выдання пра знакамітую зямлячку.
“…Перад ад’ездам з радзімы заглянула я ў Жорнаўскі маёнтак, пабывала ў Халуях і Вяззі, праехала да Вязаўніцы. Вяртаючыся, у Дуброве ля Жорнавак, я наведала лясную вопытную станцыю, закладзеную яшчэ маім дзедам, дзякавала ўсім, дарыла грошы. Доўга стаяла ў “ліпках”. На прыцярушаных снегам дрэвах парка дзе-нідзе віднелася пажоўклае лісце, грукатаў за ўрочышчам Казіноўка цягнік. Было сумна ад расставання з кутком, дзе заставалася часцінка душы і сэрца. Тут мацнела любоў да свайго пакутнага краю, тут мяне ведалі як гаспадыню”. Гэтым урыўкам з дзённіка Магдалены Радзівіл завяршаліся чытанні, адгукаючыся рэхам у старых ліпах лілася мелодыя паланэза Міхала Клеафаса Агінскага, якога падчас жыцця таксама напаткала пакутніцкая доля выгнанніка. А ў людскіх сэрцах шырылася, расло пачуццё гонару і самотнай любові да жанчыны, імя якой назаўсёды застанецца ў гісторыі Асіповіччыны.
Ганна ВЕЖНЯВЕЦКАЯ.