16 чэрвеня супрацоўнікі ізалятараў часовага ўтрымання, якіх 16 у вобласці, адзначылі 82-ю гадавіну з дня ўтварэння спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў. Менавіта ў гэты знакавы дзень спецустанову Асіповіцкага РАУС узначаліў Аляксандр Анікееў, які і распавёў пра будні дадзенага падраздзялення.
— Затрыманыя, арыштаваныя, зняволеныя, падазроныя і абвінавачаныя — непадрыхтаванаму чалавеку гэтыя словы здаюцца сіноні-мамі. Але гэта розныя статусы, — тлумачыць маёр міліцыі. — Адміністрацыйна затрыманыя — тыя, хто здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, — утрым-ліваюцца ў нас не больш за 72 гадзіны да разгляду іх правіннасці ў судовым пасяджэнні. Адміністрацыйна арыштаваныя (тыя, каму суддзя ўжо прызначыў пакаранне) па двух прыгаворах могуць утрымлівацца да 25 сутак — 10 па першым і яшчэ 15 па другім. Да 72 гадзін таксама ўтрымліваюцца па непасрэдным падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. У ІЧУ ўтрымліваюцца і падазроныя і абвінавачаныя ў крымінале. Таксама сюды і адсюль з СІЗА прывозяць арыштаваных для правядзення следчых дзеянняў на месцы злачынства, збору доказнай базы, на пасяджэнні суда, прысуд суддзі. Трапляюць у ІЧУ і падвергнутыя дысцыплінарнай ізаляцыі асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Ізалятар — не пансіянат
— Жыццё за кратамі не можа і не павінна быць салодкім: калі чалавек пера-ступіў агульнапрызнаныя нормы, то хай адказвае па ўсёй строгасці закона. І хоць зразумела, што ІЧУ не месца адпачынку, дзяржава робіць усё магчымае, каб умовы ўтрымання станавіліся толькі лепш. Зусім нядаўна, напрыклад, у нас скончыўся касметычны рамонт камер, плануем працягваць работы. У рэжымнай установе ўсё падпарадкавана строгаму рэгламенту спецыяльных загадаў і інструкцый: што павінна быць у ІЧУ, як, чаму, у якіх умовах і колькі часу можна там трымаць чалавека і г.д. Наша задача — пастаянны кантроль: недапушчэнне ўцёкаў, суіцыдаў, надзвычайных здарэнняў, праносу ў камеры забароненых прадметаў, парушэння ўнутранага распарадку і ўстаноўленых заканадаўствам правілаў… Такая праца патрабуе ад супрацоўнікаў пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі, цярпення, напружання. Нездарма першая інструкцыя 1890 года «Памятка канваіра» мела падзагаловак «Трымай вуха востра!». Бо ў ІЧУ трапляюць і тыя, па кім, як гаворыцца, турма плача, і такога фігуранта бяспечней трымаць літаральна ў полі зроку. Работнікі выконваюць і іншую важную працу: забяспечваюць магчымасць якаснага расследавання крымінальных спраў рознай грамадскай значнасці, ахову і канваіраванне падазроных і абвінавачаных у суды, у месцы правядзення розных экспертыз, прыцягваюцца да аховы грамадскага парадку і г.д.
«Ну, грамадзяне алкаголікі, хуліганы, дармаеды…»
— За 5 месяцаў у ІЧУ змяшчалася на 28% грамадзян больш, чым за такі ж перыяд летась — 1610 чалавек, з іх 236 — узятых пад варту і затрыманых па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў і 50, якія парушылі правілы знаходжання ў папраўчай установе адкрытага тыпу. На 117% вырасла колькасць адміністрацыйна арыштаваных — у асноўным, па арт. 17 КаАП за дробнае хуліганства, хатнія скандалы, з’яўленне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскіх месцах і г.д. У дадзеным выпадку рост — станоўчая тэндэнцыя, звязаная з узмацненне барацьбы з праявамі хатняга гвалту, п’янствам. Тых, хто накіроўваўся ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, змяшчалася 62 чалавекі, асоб, абавязаных кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, але не жадаючых працаваць, — 150.
Асаблівасці службы
— Нягледзячы на тое што па нагрузцы на супрацоўніка Асіповіцкі ІЧУ займае ў рэспубліцы другое — пасля Светлагорскага — месца, цякучкі кадраў у падраздзяленнi практычна няма. Больш за 15 гадоў служыць міліцыянер-канваір Аляксандр Вікторчык, “пяцігодку” адпрацавалі оперупаўнаважаны ІЧУ Дзмітрый Краснагір і міліцыянер-вадзіцель Андрэй Мяцельскі, вопыт маюць міліцыянеры-канваіры Яўген Арцёмаў і Сяргей Санковіч і міліцыянеры-дзяжурныя Артур Ісакаў і Вячаслаў Бранавіцкі. Апошні, дарэчы, па выніках года стаў у вобласці лепшым па прафесіі. Нядаўна штат папоўніўся моладдзю — Васілём Зінавенкам і Уладзімірам Канонікам. Узрост большасці не дасягае трыццаці, але ўсе — правераныя часам і няпростай службай. Сярод тых, каму давялося працаваць з асобамі, якія «да вы-святлення…», «па падазрэнні…», «па абвінавачванні…», у цане моцныя нервы, стрэсаўстойлівасць і, вядома ж, фізічная падрыхтоўка.
Соф’я САВАЙТАН.