Знаёмцеся:
намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна
Нарадзілася ў 1969 годзе ў Асіповічах. Вучылася ў СШ № 2. Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю, вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці настаўніка малодшых класаў. Паралельна працягвала вучыцца сама — у 1995 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
Першы вопыт упраўленчай дзейнасці атрымала ў сферы адукацыі — з 1996 па 1999 гады працавала намеснікам дырэктара СШ № 2 па выхаваўчай рабоце.
Пры пераходзе на дзяржслужбу ў 2000 годзе заняла пасаду вядучага інструктара аддзела інфармацыі Асіповіцкага райвыканкама. Пасля заканчэння ў 2002 годзе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь узначальвала аддзел моладзі, упраўленне па працы і сацыяльнай абароне, аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама. З ліпеня 2013 — начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы.
На сённяшнюю пасаду прызначана 23 мая. Маючы досыць вялікі стаж работы ў розных структурных падраздзяленнях раённай выканаўчай улады, Ганна Уладзіміраўна добра ведае людзей, з якімі давядзецца працаваць, і спецыфіку кожнага з накірункаў, за якія нясе адказнасць: медыцына, адукацыя, сацыяльная абарона насельніцтва, рэалізацыя маладзёжнай палітыкі, спорт, ідэалогія і іншае. Таму галоўнай мэтай намаганняў бачыць стварэнне на Асіповіччыне ўмоў для камфортнага жыцця землякоў, забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці ў адносінах і да асобнага чалавека, і для мясцовай грамадскай супольнасці ў цэлым. Як карэнная асіпаўчанка, яна вельмі любіць свой горад, таму марыць, каб кожны зямляк ганарыўся сваёй малой радзімай і лічыў сваім абавязкам уносіць асабісты ўклад у яго росквіт.
Надыходзячае 145-годдзе Асіповічаў, на яе думку, выдатная нагода зрабіць наш агульны дом яшчэ больш утульным. Дзеля чаго — прыняць актыўны ўдзел у аб’яўленым з гэтай нагоды конкурсе добраўпарадкавання.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.