31 сакавіка ў РЦК прайшоў гала-канцэрт раённага агляду-конкурсу мастацкай творчасці “Творчыя ўзлёты-2017”, у якім прынялі ўдзел фіналісты адборачных тураў.
Кампетэнтнаму журы пад кіраўніцтвам намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Тамары Салабута прыйшлося прыкласці вялікія намаганні для выяўлення лепшых выканаўцаў з усіх навучальных устаноў раёна. Адкрываючы канцэртную праграму, Тамара Міхайлаўна не толькі павіншавала пераможцаў, але і адзначыла вялікую ролю педагогаў і кіраўнікоў творчых аб’яднанняў у станаўленні юных талентаў.
Па рашэнні журы ўладальнікамі Дыпломаў I ступені сталі выхаванцы ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Вольга Борухава, Соф’я Кандрацюк, дуэт “Sweet” (Анастасія Борухава і Арына Пырухіна), Лізавета Балацько і Вольга Бароніна (намінацыя “Эстрадны вакал”), Кацярына Кавалькова і Дар’я Моцевіч (намінацыя “Народныя спевы”), Арына Бякешка і тандэм узорнага тэатральнага калектыву “Калейдаскоп” і тэатра авангарднай моды “Fasion house” (намінацыя “Чытальнік”), Дар’я Жыгалкоўская (намінацыя “Вядучы”). “Fasion house” сумесна з танцавальным калектывам пад кіраўніцтвам Крысціны Камневай заваявалі прыхільнасць журы і ў намінацыі “Харэаграфія”. Сярод вучняў школ горада і раёна лепшымі сталі Ганна Ефімовіч (СШ № 4, “Эстрадны вакал”), Варвара Арцыменя (СШ № 1, “Чытальнік”), Максім Кавальчук (гімназія, “Эстрадны вакал”), Іван Раманчук (СШ № 4, “Чытальнік”), Маргарыта Павініч (Цэльская СШ, “Эстрадны вакал”), Дзяніс Макейчык і Валерыя Саковіч (Ялізаўская СШ, “Эстрадны вакал”), Аляксей Шабуня (гімназія, “Вядучы”).
…На працягу ўсяго канцэрта не пакідала адчуванне, што на сцэне выступаюць не пачаткоўцы, а зоркі рэспубліканскага ўзроўню. Уражвала не толькі прафесійнае выкананне, але і мастацкае аздабленне нумароў, шыкоўнасць касцюмаў. Словам, атрымалася сапраўднае шоу!
Ганна ШАРАМЕТ. Фота Ніны ЦАРЫК.
Больш фота глядзіце тут або тут.