Калі карыстацца вайсковай тэрміналогіяй, сярод структурных падраздзяленняў ААТ “АЗАА” на вастрыні эканамічнага наступлення знаходзіцца цэх пластмас: менавіта ён летась забяспечваў найвышэйшую рэнтабельнасць і даваў прадпрыемству адчувальныя прыбыткі. Не змянілася выніковасць і цяпер, таму персанал цэха працуе з поўнай нагрузкай, на размовы часу няма. Вось і гаворка з ліцейшчыцай пластмас Iрынай МIХАДЗЮК ішла з улікам такога дэфіцыту — жанчына раз за разам паглядвала на прэсавы аўтамат, з якога літаральна сыпаліся “касеты” з нейкай пластыкавай драбязой.
— Дэталі мацавання абшыўкі салона, — расшыфроўвае назву прадукцыі Iрына Фёдараўна. — Iх за змену каля 8 тысяч. Чым буйней дэталь, тым меней паспяваеш здаць. Сядзенняў, напрыклад, не болей двухсот дваццаці.
Ключавое слова тут “здаць”, інакш кажучы, давесці вырабленую прэсам дэталь да прадугле-джаных тэхнічнымі ўмовамі кандыцый. Здаецца, што складанага: неабходна ўсяго толькі адрэзаць аблой — тэхналагічныя прылівы з бакоў вырабу. Аднак, калі тых вырабаў тысячы, колькасць непазбежна патрабуе якасці — правільнай арганізацыі працы, дасканалага выканання тэхнікі бяспекі, канцэнтрацыі ўвагі. Абрэзка вядзецца ўручную — з дапамогай цэлага набору вострых як брытва нажоў, так што справа гэта траўманебяспечная. А калі вырабы з цвёрдага пластыку, патрабуецца яшчэ і немалая фізічная трываласць.
Сярод ліцейшчыкаў пластмасы тых, хто не любіць сваю справу, няма: не тая гэта работа, якую можна выконваць з абыякавасцю ў сэрцы. Але ж Iрына выдзяляецца на фоне нават самых спрактыкаваных калег. Яна амаль заўсёды паспявае зрабіць крыху болей, чым уносіць важкі ўклад у агульны вынік дзейнасці брыгады, у складзе якой працуе. А яе каэфіцыент працоўнага ўдзелу стабільны — найвышэйшы.
Прычын поспеху жанчына не хавае:
— Чвэрць стагоддзя маю справу з пластмасай, вопыт ёсць, веды — таксама. Магу самастойна праводзіць настройку прэсавага абсталявання. Калі наладчыкі занятыя, прастой па тэхнічных прычынах можа цягнуцца больш чым паўгадзіны. Для нашага высокавытворнага абсталявання гэта недапушчальнае марнатраўства.
Да сказанага можна смела дадаць яшчэ два матыватары: Iрына Фёдараўна ганарыцца сваёй прафесіяй і па натуры з тых, хто не любіць прайграваць. Дарэчы, свае напрацоўкі яна ахвотна распаўсюджвае — вучыць пачынаючых ліцейшчыкаў. На сёння яе “працоўны ўніверсітэт” прайшлі ўжо тры добра падрыхтаваныя спецыялісты.
Калегі Міхадзюк паважаюць, а вось у адміністрацыі адносіны да жанчыны больш складаныя. Безумоўна прызнаючы за-слугі перадавой ліцейшчыцы, кіраўніцтва цэха лічыць, што яна прынесла б больш карысці ў якасці ўпраўленца — на пасадзе брыгадзіра, калі не вышэй. Аднак ад падобных прапаноў Iрына Фёдараўна катэгарычна адмаўляецца, хаця, калі трэба, абавязкі брыгадзіра часова выконваць згаджаецца.
…Як вядома, у адносінах да ўласнай кар’еры людзі дзеляцца на тры катэгорыі. “Афіцэры” любяць кіраваць, “радавых” задавальняе роля выканаўцаў, а “сяржанты” стаяць паасобку, бо знайшлі для сябе аптымальны баланс адказнасці і паўнамоцтваў. I наша гераіня якраз з тых, хто жыве сваім розумам, ведае, чаго жадае, і ўсяго ў жыцці дабіваецца ўласнымі сіламі. Гэта называецца самадастатковасцю асобы — не самая распаўсюджаная ў наш час, але вельмі сімпатычная якасць чалавечай натуры.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.
Ирине Федоровне в кино сниматься необходимо, а не «сержантом» быть.