Па выніках штогадовага спаборніцтва-2016 сярод аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гаррайвыканкамаў, устаноў культуры наш аддзел заняў ганаровае другое месца сярод раёнаў, колькасць насельніцтва якіх перавышае 25 тысяч чалавек. Якія ж складнікі станоўчых паказчыкаў справаздачнага года для спецыялістаў галіны?
— Традыцыйна ў краіне кожны новы год абвяшчаецца годам кірунку, якому грамадствам і дзяржавай надаецца асаблівая ўвага. Мінулы застанецца ў нашай памяці як Год культуры, — гаворыць начальнік аддзела Iрына Раманчук. — Прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне былі і застаюцца захаванне нацыянальнай самабытнасці беларускага народа, стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі, папулярызацыя духоўных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культурнай спадчыны.
Мерапрыемствы Года культуры закранулі ўсе галіны дзейнасці нашага грамадства. У розных кутках раёна іх прайшло каля 6 тысяч — удзельнічала больш за 150 тысяч чалавек. Станоўчы рэзананс мелі раённыя святы “Зажынкі”, “Агні Купалля”, “Дажынкі-2016”, “Засеўкі”. На высокім узроўні прайшоў праведзены су-працоўнікамі гісторыка-краязнаўчага музея “Вясенні баль у прадмесці Дараган”. На іх уліку і першая раённая канферэнцыя, якая тычылася мясцовай тапанімікі. Парадавалі калектывы мастацкай самадзейнасці: 20 з 53 атрыманых дыпломаў — I-III ступеней, Валянціна Прасаловіч і ўдзельнікі ўзорнай студыі па ткацтве “Чароўныя ўзоры” і “Керамічны сувенір” ЦНРіДПМ — лаўрэаты і дыпламанты двух міжнародных і абласнога конкурсаў. Цэнтралізаваная клубная сістэма ўдастоена Дыплома I ступені па выніках агляду-конкурсу “Пошук. Творчасць. Поспех!”. “Золатам” адзначана і дзейнасць цэнтральнай раённай бібліятэкі за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. III Нацыянальны форум музееў “бронзай” ацаніў нашых музейшчыкаў у намінацыі “Лепшы музейны праект”. Такую ж узнагароду атрымаў і ўзорны лялечны тэатр “Ялінка” гарадской дзіцячай бібліятэкі, якім кіруе Ларыса Мядзведская, на фестывалі ў Стаўрапалі “Верь в свою звезду”. Паспяхова выступілі на “Фестывалі народных талентаў Магілёўшчыны”.
Што яшчэ? Адчыніў дзверы рэканструяваны кінатэатр “Родина”, дзе дэманструюцца фільмы ў фарматах 2D і 3D — за год 792 сеансы наведала больш за 25 тысяч жыхароў. Аддалі даніну павагі беларускай мецэнатцы Магдалене Радзівіл — устанавілі памятную дошку ў Жорнаўцы.
— Якіх вышынь дасягнулі юныя таленты з музычных школ?
— Скарбонка ўзнагарод выхаванцаў ДШМ павялічылася на 41 дыплом рознай вартасці. З’явіліся новыя праекты: раённы конкурс піяністаў “Люблю играть”, школьны — “Я пою”. Сёння ахоплена эстэтычнай адукацыяй трэць дзяцей адпаведнага ўзросту, што перавышае абласны паказчык амаль удвая.
— Колькі слоў пра ідэалагічную работу, маладзёжную палітыку скажаце?
— Асноўны накірунак — выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму на гераічным мінулым. Спіс невядомых воінаў, пахаваных на тэрыторыі раёна, паменшыўся на 30 імён, якія ўвекавечаны на мемарыяльных дошках брацкіх магіл і пашпартызаваны, устаноўлены 2 раней невядомыя брацкія магілы ахвяр вайны.
У рамках святкавання Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне райкам БРСМ упершыню ўдзельнічаў у праекце “Музей-бус” і арганізацыі тэматычнай пляцоўкі “Кветкі Вялікай Перамогі”, што ладзіліся ў Мінску і Бабруйску. Папулярныя сярод моладзі акцыі “Цуды на Каляды”, “У школу з добрым сэрцам”, “Велікодны падарунак”. Сярод маладых механізатараў праводзіцца конкурс прафмайстэрства. Упершыню праведзены спаборніцтвы “Лідар ХХI стагоддзя” сярод маладых спецыялістаў. Стаў традыцыйным фестываль аматараў мотакультуры “РокаМотаПікнік”. Творчая моладзь удзельнічала ў конкурсе “БелаРуСь Маладая”, абласны этап якога прынёс перамогу харэаграфічнаму калектыву раёна.
— Як спрацавалі фінансава?
— Аб’ём бюджэтных сродкаў на развіццё раённай галіны культуры склаў больш за 3,5 мільёна рублёў. Яны былі накіраваны на задавальненне сацыяльных дзяржстандартаў. Пры планавым паказчыку 1,4 базавай велічыні на аднаго чалавека іх выкананне па ўстановах культуры склала 2,1. Дзякуючы пазабюджэтнай дзейнасці зарабілі больш за 240 тысяч рублёў — амаль напалову больш, чым летась, 130 працэнтаў да даведзенага плана. Эканомія на энергарэсурсах таксама значная — перавысілі планавую лічбу ў 3 разы. Сярэднямесячны заробак культ-работнікаў амаль 450 рублёў — у параўнанні з 2015 годам вырас на 4 пункты. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы зрасходавана звыш 20 тысяч рублёў. Закуплены сцэнічныя касцюмы, камп’ютарнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура.
— Што ў планах?
— Працягнецца работа па аптымізацыі ўстаноў культуры. Ёсць пытанні па кадрах, якасці прадастаўляемых паслуг. Кожнае структурнае падраздзяленне мае свае задумы, праекты. Над іх выкананнем і будзем працаваць.
Гутарыла Ніна ВIКТОРЧЫК.