Маладзёжны атрад аховы правапарадку (МААП) існуе ў раёне ўжо з паўгода. Летам і восенню маладыя праваахоўнікі актыўна дапамагалі міліцыі і саюзу моладзі ў правядзенні рознабаковых акцый, флэшмобаў і мерапрыемстваў, знаёміліся з дзейнасцю ўчастковых інспектараў, але і зараз гэтыя «людзі ў чорным»* не сядзяць без справы.
Напачатку лютага асіповіцкія актывісты наведалі мясцовы райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Мэты было дзве: па-першае, у падрабязнасцях даведацца, што такое пажарная часць, па-другое — абавязкова нечаму навучыцца, атрымаць карысныя навыкі дзеяння ў тых ці іншых абставінах.
Сустрэча маладых праваахоўнікаў і сапраўдных ратавальнікаў пачалася з агляднай экскурсіі па райаддзеле. Пасля супрацоўнікі РАНС распавялі пра будні пажарных, іх абавязкі, прывілеі і рызыкі прафесіі. Прадэманстравалі хлопцам і прынцып дзеяння аварыйна-выратавальных інструментаў і абсталявання, далі магчымасць паспрабаваць самастойна скарыстацца парашковым вогнетушыцелем.
Напрыканцы з байцамі МААП правялі прафілактычную бяседу, падчас якой намеснік начальніка РАНС Антон Герасянкоў нагадаў маладым праваахоўнікам пра неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі, а яго калега Аляксандр Стукарчук канкрэтызаваў, у якіх навучальных установах краіны можна атрымаць прафесію ратавальніка і якія існуюць патрабаванні для абітурыентаў. Дарэчы, калі хтосьці жадае стаць пажарным, — звяртайцеся ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях.
Асноўная задача мала-дзёжных атрадаў аховы правапарадку, якая прапісана ў палажэнні аб іх дзейнасці, – дапамагаць па меры сіл і магчымасцей БРСМ і міліцыі. Канечне, паўнамоцтвы маладых людзей вельмі абмежаваныя ў сувязі з узростам і адсутнасцю прафесійнага вопыту, але ж з прапанаванымі справамі хлопцы спраўляюцца. А цяпер могуць упэўнена дадаць: «Правілы пажарнай бяспекі таксама ведаем і выконваем!»
*Спецадзенне МААП — чорныя футболкі і кепкі з лагатыпам арганізацыі.
Аляксандр КОТАЎ, інспектар ГПіУГ РАНС.