Новы год і Каляды — час чараўніцтва, дзівос, яркіх і прыемных уражанняў, а таксама падарункаў. Гэта тая пара, калі жыхары Асіповіччыны чакаюць нешта цікавае, але асабліва прагнуць трапіць у казку менавіта дзеткі. І дзякуючы неабыякавасці шэрагу землякоў гэта атрымоўваецца.
Карагод вясёлых зімовых мерапрыемстваў пачаўся яшчэ напрыканцы снежня. І хоць каляндар паспеў ужо адлічыць першы тыдзень 2017-га, але цікавосткі на гэтым не закончыліся. 7 студзеня праваслаўныя хрысціяне адзначылі адно з галоўных свят — Нараджэнне Хрыстова, а напярэдадні гэтага дня райарганізацыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і райкам з “пярвічкамі” саюза моладзі арганізавалі дабрачынную акцыю “Цуды на Каляды”. Далучыліся да свята і прадстаўнікі міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, маладзёжна-падлеткавага цэнтра “Равеснік”.
Сонечнай марознай раніцай да часовых насельнікаў дзіцячага аддзялення райбальніцы завіталі ніхто іншы, як Дзед Мароз (Арцём Рымар) разам з унучкай Снягурачкай (Аксана Сушчык). Маленькіх пацыентаў чакалі пацешкі, загадкі і, канечне, цікавыя і смачныя падарункі ад казачнага Дзядулі. Асабліва смелыя хлопчыкі і дзяўчынкі расказалі чараўніку загадзя падрыхтаваныя навагоднія вершыкі, за што і атрымалі свае прэзенты самымі першымі. На развітанне галоўныя зімовыя героі пажадалі малым хутчэй выздараўліваць і ўзялі з іх абяцанне, што ў наступным годзе сустрэнуцца зноў ужо не ў бальнічных пакоях, а ў больш вясёлай і ўрачыстай абстаноўцы.
Але на гэтым “Цуды на Каляды” не завершыліся. У той жа дзень хлопцы і дзяўчаты з Ясенскай школы наведалі маладую шматдзетную сям’ю Сяргея і Вольгі Снігір. Зазірнулі актывісты БРСМ з падарункамі і ў іншыя сем’і раёна: шматдзетныя, маламаёмныя і якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Бо цуда патрэбна ўсім, і калі ёсць хоць невялічкая магчымасць яго здзейсніць, трэба абавязкова гэта зрабіць! А лепшая ўзнагарода за падараванае свята — шчырыя ўсмешкі хлопчыкаў і дзяўчынак.
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара.