Каля 800 чалавек у складзе 28 каманд сабраліся ў мінулыя выхадныя на Асіповіцкай зямлі, каб паўдзельнічаць у ІХ абласной зімовай спартакіядзе сярод сельскіх раёнаў Магілёўшчыны, холдынгаў, аб’яднанняў, арганізацый і кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу.
Афіцыйнае адкрыццё галіновай спартакіяды адбылося ў суботу а 10 гадзіне раніцы ў фізкультурна-спартыўным комплексе «Юнацтва». Пад гукі марша каманды раёнаў, а таксама ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Аграмашсэрвіс», ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай», холдынга «Магілёўводбуд», ААТ «Магілёўхлебапрадукт», Магілёўскага дзяржаб’яднання «Мясамалпрам», ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Магілёўабллён» і сумесная Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства і Магілёўскага абласнога вытворча-навуковага аб’яднання «Насенне траў» прайшлі ва ўрачыстым шэсці перад гледачамі. Шаноўнымі гасцямі свята сталі першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда, старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магаблвыканкама Валерый Сямёнаў, абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль і Ганаровы грамадзянін Асіповіцкага раёна, чэмпіён Алімпійскіх гульняў Андрэй Багдановіч. Безумоўна, павіталі спартсменаў і гаспадары спаборніцтваў — старшыні райвыканкама Пётр Шукаловіч і раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік.
— Нам выпаў вялікі гонар упершыню прымаць у сябе ўдзельнікаў такога мерапрыемства. Гэта важная падзея для горада, і магу запэўніць, што ў асіпаўчан вы знойдзеце шчырую падтрымку ўсіх добрых спраў, звязаных са спортам, — адзначыў Пётр Яфімавіч.
Пасля прывітальных слоў дзяўчыны ў прыгожых нацыянальных строях уручылі камандам-гасцям караваі, па традыцыі Андрэй Багдановіч запаліў сімвалічны алімпійскі агонь — знак міру, сяброўства і яднання ўсіх удзельнікаў і гасцей зімовай спартакіяды на Асіповіччыне.
Галоўны суддзя спаборніцтваў, старшыня грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай» Мікалай Макаранка здае рапарт — абласная зімовая спартакіяда работнікаў АПК аб’яўляецца адкрытай! Але якое ж свята без канцэртных нумароў? І сабраўшыхся эмацыянальна падпітваюць Вераніка Кузьміч, калектывы «Люлечка» і «Крышталь».
Праз паўгадзіны спартсмены-аматары выйшлі на старты. На 10 пляцоўках праводзіліся спаборніцтвы па 11 відах спорту: валейбол, настольны тэніс, шашкі, плаванне, лыжныя гонкі і эстафета, дартс, гіравы спорт, перацягванне каната, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі і вадзіцельскае майстэрства. Страсці кіпелі не на жарт: кожны імкнуўся прывесці сваю каманду да перамогі.
Але інтрыга захоўвалася аж да цырымоніі закрыцця спартакіяды, што адбылася ў нядзелю. Адказную місію — уручыць спартсменам узнагароды ў асабістых і агульных заліках — узяў на сябе галоўны суддзя. У скарбонку нашай каманды трапілі два дыпломы III ступені па лыжных гонках і плаванні і па аднаму — па валейболе, плаванні і дартсу, дыплом II ступені за вадзіцельскае майстэрства, па тры дыпломы I ступені (гіравы спорт і плаванне), адзін — па настольным тэнісе. Акрамя таго, падарунак у намінацыі «За волю да пабеды» атрымала прадстаўніца Мсціслаўскага раёна, «Самы юны спартсмен» у бялыніцкай камандзе, «Самы ўзроставы спартсмен» — Горацкай, «За лепшую экіпіроўку каманды» ўзнагародзілі Бялынічы, «Міс Спартакіяды» — прадстаўніцу ААТ «Магілёўхлебапрадукт», а «Лепшым спартсменам» стаў удзельнік каманды «Мясамалпрам». Таксама спецыяльныя прызы ў намінацыі «За арганізацыю і правядзенне спартакіяды і судзейскія брыгады» ўручылі Мікалаю Макаранку і намесніку галоўнага суддзі, намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму нашага райвыканкама Міхаілу Грыгорчыку.
У агульным заліку пераможцамі ІХ Зімовай спартакіяды стала каманда Кіраўскага раёна, другое месца занялі асіпаўчане, а трэцяе — спартсмены з Клімавічаў.
Фінальным акордам цырымоніі закрыцця стаў урачысты момант перадачы сімвалічнага алімпійскага агню Круглянскаму раёну, які прыняў эстафету правядзення галіновых спартакіяд. Да сустрэчы на Кругляншчыне!
Марыя ТАЛЕЙКА.
Фота аўтара, Ніны ЦАРЫК і Анастасіі Саўрыцкай.