«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для народа,
бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан»
(Лк 2, 10-11)
Паважаныя жыхары горада і раёна!
Таямніца нараджэння Хрыста змяшчае праўду аб тым, што Сын Божы стаў чалавекам, каб у людскім целе выратаваць род чалавечы ад наступстваў граху Адама і яго нашчадкаў: «Слова стала целам і пасялілася сярод нас». Не перастаючы быць Богам, Сын Божы стаў чалавекам. Як Бог вечны, бясконцы, усюдыісны і ўсемагутны. Як чалавек абмежаваны часам, прасторай і моцаю.
У дзень, калі адкрылася Неба і сышоў з яго да нас Збаўца, анёлы абвясцілі супакой ва ўсім свеце. Пранікае ён у сэрцы ўсіх людзей, якія маюць добрую, хоць, магчыма, слабую волю. Гэты супакой не з’яўляецца толькі плёнам раўнавагі варожых сабе сіл, але вынікам прымірэння неба і зямлі, Бога з людзьмі, чалавека са сваім бліжнім.
Хай Божае Дзіця адорвае кожнага з нас менавіта такім супакоем, які свет даць не можа.
Няхай напоўніць нас радасцю, якая перавышае гэты свет і дасягае нябёсаў!
Няхай Бог благаслаўляе нашу Айчыну, нашы сем’і і ўсіх, хто з хваляваннем прыходзіць да Яго Ясляў.
Вясёлага святкавання!
Радуючыся з прысутнасці Бога-Чалавека сярод нас, запрашаем да супольнай малітвы ў нашым касцёле. Галоўныя набажэнствы адбудуцца:
24 снежня (субота) — Вігілія Божага Нараджэння — 24.00
25 снежня (нядзеля) — Урачыстасць Нараджэння Пана — 12.00
26 снежня (панядзелак) — Свята святога Стэфана — 18.00