З кнігай Міхаіл Паўлавіч Падвойскі сябруе ўсё жыццё. А яно даволі няпростае. У час Вялікай Айчыннай вайны разам з таварышамі збіраў зброю, распаўсюджваў лістоўкі, перадаваў партызанам розныя звесткі. Вырабляў боты для лясных мсціўцаў, быў правадніком партызанскіх груп, дастаўляў зерне для выпечкі хлеба. Аднойчы трапіў у засаду, атрымаў раненне. За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, мае іншыя адзнакі.
Пасля вызвалення аднаўляў разбураную гаспадарку. Стаў педагогам, шмат гадоў настаўнічаў. I заўсёды цікавіўся літаратурнымі творамі. Прычым не толькі пасіўна знаёміўся з творчасцю пісьменнікаў і паэтаў, але і сам пачаў пісаць вершы. Яны не раз друкаваліся ў нашай газеце.
У Міхаіла Паўлавіча сабралася багатая бібліятэка. Зараз па стане здароўя ён не можа многа чытаць, таму ахвотна дзеліцца кнігамі з дзецьмі. Нядаўна перадаў гарадской дзіцячай бібліятэцы выданні серыі «Жыццё — подзвіг», партрэты беларускіх пісьменнікаў. Прэзентаваў даведачную літаратуру і рэдакцыі газеты. «Мастацкае слова павінна жыць і ўздзейнічаць на свядомасць людзей, — лічыць былы педагог. — А беларусы заўсёды былі і будуць чытаючай нацыяй».